Студэнцкая канферэнцыя «Міжнароднае гуманітарнае права. Гісторыя і сучаснасць» аб'яднала ў сценах нашага ўніверсітэта неабыякавых людзей, якія гатовыя прыйсці на дапамогу. Да ўдзелу былі запрошаны студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Удзельнікі прадставілі даклады ў некалькіх тэматычных секцыях: «Міжнароднае гуманітарнае права. Гісторыя і сучаснасць», «Права Гаагі. Права Жэневы», «Роля Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў рэалізацыі нормаў Міжнароднага гуманітарнага права», «Валанцёрства як від добраахвотніцкай дзейнасці навучэнскай і студэнцкай моладзі».
Канферэнцыя была заклікана прыцягнуць увагу моладзі да дзейнасці Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Таксама арганізатары паставілі перад сабой задачу стварыць умовы для раскрыцця творчых здольнасцей навучэнцаў у сферы міласэрнасці і гуманнасці, што з'яўляецца адным з эфектыўных сродкаў выхавання актыўнай і неабыякавай асобы.
Як падкрэсліла начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава, у Купалаўскім універсітэце валанцёрская дзейнасць развіта на высокім узроўні. Нашы студэнты прымаюць удзел у акцыях рознага маштабу, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, нават у самых няпростых умовах.
- Напрыклад,рабяты з нашага валанцёрскага цэнтра на працягу доўгага часу працавалі на беларуска-польскай мяжы летась. Яны працавалі перакладчыкамі і дапамагалі наладжваць камунікацыю паміж бежанцамі і рознымі службамі. Яны дапамагалі нягледзячы на ўмовы надвор'я і стомленасць, - адзначыла Аксана Котава.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Гродзенская абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа", галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.