У складзе экскурсійнай групы - лепшая група ўніверсітэта гэтага года - студэнты 1 курса спецыяльнасці "Лагапедыя" педагагічнага факультэта. Экскурсійны тур рабяты атрымалі ў якасці падарунка ад Купалаўскага ўніверсітэта.
Купалаўцы адправіліся ў Мінск, дзе наведалі музей "Краіна міні". Гэта выдатная магчымасць асягнуць неабсяжную Беларусь і сабраць у адным месцы тыя славутасці краіны, якіх у рэальным жыцці адна ад адной падзяляюць сотні кіламетраў. На сёння ў музеі прадстаўлены 22 макеты самых значных аб'ектаў архітэктурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.
У экспазіцыі музея студэнты ўбачылі не толькі ўсім вядомыя архітэктурныя і гістарычныя аб'екты Беларусі, але і тыя, пра якія мала хто ведае. Пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі касцёлаў, замкаў і палацаў.
Наступным пунктам маршруту стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі - адзін з галоўных сімвалаў краіны. І, вядома ж, студэнты не маглі не наведаць Востраў слёз ці Востраў мужнасці і смутку. Гэты помнік прысвечаны загінуўшым у 1979-1989 гадах у Афганістане беларускім воінам.
У цэнтры кампазіцыі мемарыяльнага комплексу знаходзіцца капліца памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, на сценах якой пералічаны імёны 771 загінуўшага воіна. Яшчэ адзін элемент мемарыяла - скульптура анёла, які плача, па задумцы ён плача з-за таго, што не змог зберагчы і выратаваць беларусаў, якія ваявалі, ад смерці.
Быў у пераможцаў і вольны час для прагулкі па горадзе, падчас якой яны наведалі Заслаўскае вадасховішча - гэта другі па плошчы штучны вадаём у Беларусі, які таксама называюць Мінскім морам. Падчас прагулкі па ягоным беразе студэнты яшчэ раз узгадалі самыя яркія моманты конкурсу, а таксама нацешыліся сяброўскай атмасферай, якая на працягу паездкі панавала ў групе.