Профільны аздараўленчы лагер "Настаўнік Next" працягвае сваю працу на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Удзельнікамі лагера сёлета сталі 20 вучняў старэйшых класаў сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыска.
Лагер стартаваў у панядзелак, 4 чэрвеня. У гэты дзень вучні змаглі бліжэй пазнаёміцца з універсітэтам і яго супрацоўнікамі, выкладчыкамі і студэнтамі. І гэтае знаёмства працягваецца. Лагер разлічаны на 9 дзён, і кожны з іх поўны цікавых актыўнасцяў. Сёння, 8 ліпеня, адбыўся II этап конкурсу "Самы разумны", дзе хлопцы і дзяўчаты вырашалі заданні па матэматыцы. Але перш чым пачаць інтэлектуальны батл, арганізатары ўручылі ўзнагароды пераможцам I этапу конкурсу «Самы разумны», падчас якога школьнікі пісалі дыктоўку па рускай мове.
Як расказала намеснік дэкана педагагічнага факультэта Алена Лапкоўская, лагер працуе ў тры змены. Апошнія два гады - у анлайн-рэжыме з-за ўскладненай эпідсітуацыі. На шчасце, сёлета дзеці і педагогі змаглі сустрэцца ў сценах універсітэта, бо жывыя зносіны нішто не заменяць. Актыўны ўдзел у працы лагера прымае не толькі педагагічны факультэт, але і супрацоўнікі юрыдычнага факультэта, факультэта біялогіі і экалогіі, факультэта гісторыі камунікацыі і турызму.
– Неўзабаве школьнікам трэба будзе напісаць дыктоўку па беларускай мове. Яны крыху хвалююцца, але выкладчыкі іх падтрымліваюць, падказваюць і накіроўваюць. Неад'емная частка нашага лагера - мерапрыемствы, накіраваныя на духоўна-патрыятычнае выхаванне. У нас адбыліся кіналекторыі на ваенную тэматыку, абмеркаванні і гутаркі на гэтую тэму, - распавяла Алена Лапкоўская. - Для рабят праводзяць цікавыя семінары, напрыклад, у суботу адбудзецца занятак на тэму маніпуляцый грамадскай свядомасцю.
З кожным годам «Настаўнік Next» становіцца ўсё больш папулярным. І не толькі сярод дзяўчынак - сёлета ўдзельнікамі лагера сталі 11 хлапчукоў. Магчыма, не ўсе школьнікі абяруць шлях педагога, але лагер знаёміць рабят у цэлым з Купалаўскім універсітэтам, робіць іх веды багацейшымі. Несумненна, у будучыні яны ім спатрэбяцца.
Лагер працягвае працу! Усе падрабязнасці і яркія фота шукайце ў нашых матэрыялах.