У ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо стала добрай традыцыяй ушаноўваць рабят, якія набралі высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. У сценах Купалаўскага ўніверсітэта сабраліся абітурыенты, якія набралі 100 балаў на выпрабаваннях, а таксама тыя выпускнікі, якім зусім крыху не хапіла да запаветнай сотні.
Павіншаваць абітурыентаў з выдатнымі вынікамі прыйшлі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская і першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Часткай свята стала і ўнікальная абітурыентка, якая на трох ЦТ атрымала па 100 балаў, а таксама мае сярэдні бал атэстата 10! Такім чынам Настасся Більдзь з Ліды набрала 400 балаў з 400 магчымых. Такое ў гісторыі Гродзенскай вобласці адбылося ўпершыню.
- Вельмі радая, што змагла дасягнуць такога неверагоднага выніку! Здавала ЦТ па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Нечаканым аказаўся вынік менавіта па мове, – падзялілася Анастасія. - Галоўнае ў падрыхтоўцы - умець адпачываць і не сядзець увесь час за падручнікамі, інакш можна вельмі хутка стаміцца. А на самім выпрабаванні важна захоўваць спакой, бо ў гэтым выпадку хваляванне можа згуляць злы жарт. Натуральна, вялікую ролю ў такім выніку адыгралі мае педагогі і бацькі, якія падтрымлівалі мяне!
Цэнтралізаванае тэсціраванне ў вобласці прайшло ў штатным рэжыме, было напісана звыш 17 000 тэстаў, расказаў Юрый Караеў.
- Сёння ў зале сабраліся найразумнейшыя дзеці не толькі вобласці, але і краіны. Яны сапраўды залатая моладзь, якая стане выдатнымі лекарамі, эканамістамі, юрыстамі. Яны будуць будаваць і вынаходзіць, тварыць і ствараць. Мы імі вельмі ганарымся і шчыра жадаем дасягаць новых высокіх вяршыняў, - падкрэсліў Юрый Караеў.
Як адзначыў Юрый Раманоўскі, ва ўніверсітэце будуць вельмі рады, калі абітурыенты вырашаць звязаць сваё жыццё з Купалаўскім універсітэтам. У ГрДУ імя Янкі Купалы гатовы прадставіць найшырэйшыя магчымасці для іх росту.
– Місія нашага ўніверсітэта – раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага студэнта. У нас рабяты могуць развівацца не толькі ў вучобе, але і ў навуцы, творчасці, грамадскай дзейнасці. У нашым універсітэце прадстаўлены шырокі спектр спецыяльнасцяў, - распавёў Юры Раманоўскі. - Заўсёды ідзем у нагу з часам і прыслухоўваемся да заказчыкаў кадраў, адкрываючы новыя спецыяльнасці. Сёлета іх дзве: "Біяхімія" са спецыялізацыямі "Біяхімія лекавых сродкаў" і "Аналітычная біяхімія" на факультэце біялогіі і экалогіі, а таксама "Журналістыка (вэб-журналістыка)" на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. Акрамя таго, замоўцы кадраў прымаюць удзел у адукацыйным працэсе і заўсёды з намі на сувязі.
Цэнтралізаванае тэсціраванне завяршылася, але гарачая пара як для абітурыентаў, так і для ўніверсітэтаў не скончылася. У панядзелак, 18 ліпеня, у Беларусі стартуе прыёмная кампанія - не менш адказны этап. Але гасцям урачыстай цырымоніі моцна хвалявацца не даводзіцца, бо іх балы даюць цвёрдую ўпэўненасць у паспяховым паступленні. Усяго ў вобласці былі атрыманы 32 стобальныя вынікі, якія набралі 26 абітурыентаў.