У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы загадчыкі кафедраў і кіраўнікі структурных падраздзяленняў абмеркавалі пытанні, якія датычацца становішча ўніверсітэта на міжнароднай арэне.
Як адзначыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, кафедра – гэта цэнтраўтваральнае звяно ўніверсітэта. Менавіта з поспехаў кожнай з іх складаюцца дасягненні ўсёй alma mater. У тым ліку і ў міжнароднай прасторы. Палажэнне ўстановы адукацыі аб'ектыўна і ўсебакова адлюстроўваюць міжнародныя рэйтынгі.
Аб ролі кафедры ў павышэнні пазіцый універсітэта ў міжнародных рэйтынгах дакладваў начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Яўген Алізаровіч. Ён расказаў удзельнікам семінара аб пазіцыях нашага ўніверсітэта ў розных рэйтынгавых сістэмах. Натуральна, ішла размова аб тым, як кожная асобна ўзятая кафедра можа ўключыцца ў паляпшэнне пазіцый універсітэта.
Не менш важным пытаннем стала міжнародная акрэдытацыя ўніверсітэта, якая праводзіцца з мэтай ацэнкі адпаведнасці адукацыйных праграм міжнародным і еўрапейскім стандартам якасці. Аб гэтым на семінары загадчыкаў кафедраў далажыў прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых.
Як адзначыў Юрый Эдуардавіч, наяўнасць міжнароднай акрэдытацыі дае магчымасць універсітэту развіваць дзейнасць у галіне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, павысіць прэстыж універсітэта ў свеце, забяспечыць прывабнасць ВНУ для айчынных і замежных абітурыентаў і работадаўцаў.
Юрый Эдуардавіч падрабязна спыніўся на працэдуры акрэдытацыі, яе этапах, структуры і крытэрыях.