У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе першая ўніверсітэцкая алімпіяда, па выніках якой пераможцы і прызёры змогуць стаць студэнтамі-купалаўцамі без уступных іспытаў і ЦТ!
Парадак правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд, пералік ВНУ і спецыяльнасцей для залічэння без уступных іспытаў вызначаны Пастановай Міністэрства адукацыі нумар 264 ад 12.08.2022.
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ўключае ў сябе ў 2023 годзе профільныя алімпіяды па 6 вучэбных прадметах: біялогія, гісторыя Беларусі, руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, матэматыка і фізіка.
Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені змогуць паступіць на 17 з 54 спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы без уступных іспытаў. Удзельнікамі ўніверсітэцкай алімпіяды могуць стаць навучэнцы 11 класаў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Алімпіяды будуць праходзіць у два этапы - завочны ў лістападзе-снежні і заключны этап, вочны, у лютым. У пачатку вясны пераможцаў і прызёраў, якія атрымаюць права залічэння ў Купалаўскі ўніверсітэт без уступных іспытаў, будуць ушаноўваць ва ўрачыстай абстаноўцы.
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда з'яўляецца масавай і адкрытай. Зарэгістравацца на алімпіяду можна ўжо з 10-га лістапада. А завочны этап стартуе ўжо 21 лістапада! З графікам можна азнаёміцца ТУТ.
Інфармацыя аб умовах і парадку правядзення і ўдзелу, рэгістрацыі размяшчаецца на сайце Абітурыент - 2023 (abit.by) Купалаўскага ўніверсітэта ў раздзеле "Шматпрофільная алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы".