Стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне 14 чэрвеня з праходжання выпрабавання па беларускай мове. Сёлета колькасць тых, хто здае, зменшылася ў некалькі разоў у сувязі з тым, што школьнікі сёлета ўпершыню здавалі Цэнтралізаваны экзамен.
Традыцыйна Купалаўскі ўніверсітэт выступае асноўным каардынатарам ЦТ у Гродзенскай вобласці. У нашым рэгіёне для правядзення тэсціравання арганізавана 4 пункты: у ГрДУ імя Янкі Купалы і ГДАУ, а таксама ў каледжах у Лідзе і Ваўкавыску. Усяго 7 карпусоў і 121 аўдыторыя. Як расказаў старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, у цэлым у вобласці зарэгістраваліся на ЦТ па беларускай мове 224 абітурыенты, што ў пяць разоў менш, чым у мінулым годзе. У асноўным гэта выпускнікі мінулых гадоў.
- Штогод мы клапоцімся аб тым, каб былі створаны неабходныя ўмовы для камфортнага правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Аўдыторыі абсталяваны гадзіннікамі, каб было лёгка адсочваць час выканання заданняў, створана бяспечнае асяроддзе, што пацверджана праверкамі МНС і ЦГІЭ. Мы ўпэўненыя, што сённяшні дзень і кампанія ў цэлым пройдуць на высокім узроўні, - падкрэсліў старшыня КДК па Гродзенскай вобласці.
Аб поўнай гатоўнасці пунктаў тэсціравання гаварыў і першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі. Для праходжання ЦТ у вобласці зарэгістраваны 4660 абітурыентаў для выканання 6471 тэсту. На ўсіх этапах уступнай і прыёмнай кампаній Купалаўскі ўніверсітэт забяспечвае камфорт для абітурыентаў, чаму садзейнічае шматгадовы вопыт і высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў універсітэта.