Факультэт біялогіі і экалогіі сумесна з факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму правялі незвычайную і ўнікальную ў Беларусі эколага-патрыятычную экскурсію па мясцінах вялікіх подзвігаў нашых продкаў на фарты Гродзенскай крэпасці.
Студэнты 1 і 2 курсаў сумесна з выкладчыкам кафедры батанікі Анастасіяй Саковіч і з выкладчыкам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксеем Загідуліным разгледзелі гістарычную і батанічную каштоўнасць фартыфікацый. Такім чынам закранаюцца адразу два навуковыя напрамкі дзякуючы міждысцыплінарнаму падыходу, які актыўна выкарыстоўваецца ў ГрДУ імя Янкі Яупалы.
Купалаўцы разгледзелі ўласцівасці бетону і асноўныя маркі, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве фартоў, ацанілі трываласць і зносаўстойлівасць бетону і як гэтыя параметры паўплывалі на раслінны склад збудаванняў. Разгледзелі рэдкія віды імхоў і папараці, даведаліся, чаму яны рэдкія і навошта іх ахоўваць. Абмеркавалі асноўныя мерапрыемствы ў нашай краіне, накіраваныя на ахову расліннага і жывёльнага свету.
Прааналізавалі асноўныя міграцыйныя шляхі горных відаў раслін, якія яны пераадольваюць і фактары, якія спрыяюць гэтаму. А таксама даведаліся, чаму фартыфікацыі Беларусі з'яўляюцца рэдкімі біятопамі ў нашай краіне, а таксама ў Еўропе і маюць статус Гісторыка-культурнай каштоўнасці і Помніка прыроды мясцовага значэння. Натуральна, у экскурсіі студэнты прыгадалі гістарычныя падзеі 1912–1915 гг., якія адбываліся на лініі Сапоцкін – Гродна.
Важнай часткай экскурсіі стала акцыя «Чысты форт», падчас якой студэнты і выкладчыкі навялі парадак ля збудаванняў Першай сусветнай вайны.