Напярэдадні Міжнароднага дня турызму на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы і перспектывы развіцця турыстычнага патэнцыялу Беларусі і краін СНД".
У прадстаўнічым навуковым форуме прынялі ўдзел больш за 50 чалавек: вядомыя вучоныя, вядучыя спецыялісты турыстычнай галіны і маладыя даследчыкі, для якіх гродзенская канферэнцыя стала інтэлектуальнай пляцоўкай для апрабацыі сваіх навуковых ідэй. Геаграфія ўдзельнікаў ахоплівала Беларусь, Расію і Турцыю.
З прывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч, які адзначыў даўнія традыцыі падрыхтоўкі кадраў у сферы турызму ў Купалаўскім універсітэце і абазначыў перспектыўныя напрамкі турысцка-экскурсійнай работы ў рамках падрыхтоўкі да 900-гадовага юбілею горада Гродна.
У ходзе навукова-практычнай канферэнцыі былі раскрыты сучасныя тэндэнцыі і перспектывы падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы турызму і гасціннасці, вопыт і перспектывы пазіцыянавання Беларусі ў міжнароднай турыстычнай прасторы, сучасны стан, выклікі і тэндэнцыі развіцця асобных відаў турызму ў Беларусі і краінах СНД, інавацыйныя аспекты сучаснага турызму і асаблівасці ўкаранення новых тэхналогій, перспектывы развіцця рэсурснай базы сучаснай турыстычнай індустрыі Беларусі і краін СНД.
Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікалі даклады турэцкіх калег з Анаталійскага ўніверсітэта, якія падзяліліся сваім вопытам падрыхтоўкі кадраў для турыстычнай галіны, у тым ліку ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва і аддаленага навучання. Удзельнікі з Расіі падзяліліся вопытам развіцця гарадскога і прамысловага турызму на Урале. Дакладчыкі ад геаграфічнага факультэта БДУ раскрылі асаблівасці ўкаранення геаінфармацыйных сістэм у сучасную турыстычную дзейнасць. Усе даклады выклікалі жывую цікавасць у студэнтаў спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць", якія не толькі прысутнічалі на навуковых пасяджэннях, але і актыўна пагутарылі з удзельнікамі.