Студэнцкінавуковы гурток кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі стварыў ролік «РАЗАМ СУПРАЦЬ КАРУПЦЫІ». Відэаработа адзначана Дыпломам III ступені Усерасійскага конкурсу навуковых, метадычных і творчых работ «Моладзь супраць экстрэмізму: веданне, адзінства, бяспека».
Студэнты юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Гаранчук, Варвара Міладоўская, Вольга Радзевіч, Яна Петрушэнка – удзельнікі СНТ падрыхтавалі ролік «РАЗАМ СУПРАЦЬ КАРУПЦЫІ». Навуковыя кіраўнікі праекта - старшы выкладчык Валерый Козел, дацэнт кафедры Рыгор Траццякоў, дацэнт кафедры Уладзімір Соркін.
– Тэма прававой асветы грамадзян адыгрывае важную ролю ў папярэджанні злачыннасці сёння. Наш ролік прысвечаны праблеме карупцыі, якая, як вядома, з'яўляецца адным з самых складаных відаў злачынстваў. Мы глыбока перакананыя, што выкараніць карупцыю шляхам рэпрэсіўных мер нельга, а без дапамогі грамадскіх інстытутаў і кожнага з нас - немагчыма. І менавіта разам мы зможам змяніць свет да лепшага! – падзялілася студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Ганна Гаранчук.
Адзначым, што ў рамках студэнцкага навуковага таварыства і студэнцкіх навуковых гурткоў юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляецца прапаганда і папулярызацыя навуковай дзейнасці, навукова-метадычнае кіраўніцтва арганізацыяй студэнцкіх навуковых мерапрыемстваў, садзейнічанне ў апублікаванні і ўкараненні ў практыку вынікаў студэнцкіх навуковых работ. Таксама ў рамках СНТ і СНК адбываецца наладжванне і пашырэнне кантактаў са студэнцкай і навуковай грамадскасцю ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, замежных дзяржаў, прыцягненне студэнтаў юрыдычнага факультэта да ўдзелу ў канферэнцыях і іншых навуковых мерапрыемствах.