На факультэце біялогіі і экалогіі адбыўся Дзень адчыненых дзвярэй. Больш за 35 патэнцыйных абітурыентаў з розных раёнаў Гродзенскай вобласці і горада Гродна наведалі факультэт біялогіі.
Загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл, в.а. дэкана Вольга Янчурэвіч і намеснік дэкана Вольга Траццякова расказалі пра спецыяльнасці, навукова-даследчую дзейнасць і студэнцкае жыццё на факультэце, магчымасцях будучага працаўладкавання. Дзеці наведалі розныя лабараторыі і прынялі ўдзел у майстар-класах, атрымалі адказы на пытанні, якія іх цікавяць.
Старэйшы выкладчык кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання Марыя Трусава прадэманстравала шэраг лабараторных эксперыментаў, навучэнцы школ самастойна паспрабавалі атрымаць натуральныя фарбавальнікі і вывучыць уплыў рН на колер харчовай дабаўкі. Дацэнт кафедры экалогіі Вольга Крамлёва правяла майстар-клас «Ацэнка стану прыродных асяроддзяў» і расказала якімі метадамі і прыёмамі карыстаюцца эколагі пры кантролі за якасцю навакольнага асяроддзя.
На кафедры батанікі навучэнцы пагрузіліся ў свет імхоў, прынялі ўдзел у майстар-класе «Нябачнае жыццё імхоў», які арганізавала Анастасія Саковіч. Яна прадэманстравала калекцыі і гербарыі «дзіўных раслін», якія растуць на нашай планеце. Выкладчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Вадзім Стасюкевіч правёў экскурсію ў свет жывёл «Незвычайнае ў звычайным», навучэнцы праводзілі вызначэнне жывёл віртуальна і рэальна, знаёміліся з калекцыямі жывёл, асаблівасцямі біялогіі розных відаў.
Загадчык кафедры біяхіміі Віктар Рэзяпкін і намеснік дэкана Вольга Траццякова расказалі пра сучасныя малекулярна-генетычныя метады ў біялогіі, магчымасці ПЦР аналізу і ДНК-дыягностыкі.