Навуковы форум сабраў у афлайн- і анлайн-фармаце больш за 180 вучоных з Беларусі, Расіі, Кітая, Тайваня, Казахстана, Таджыкістана, Сербіі, Славакіі, Балгарыі, Шры-Ланкі. Міждысцыплінарны характар канферэнцыі, у якой прынялі ўдзел лінгвісты, літаратуразнаўцы, гісторыкі, палітолагі, філосафы, культуролагі, абумоўлены шырынёй навуковых поглядаў першага беларускага акадэміка, ураджэнца Гродзеншчыны Яўхіма Фёдаравіча Карскага, у гонар якога навуковы форум праводзіцца ў Купалаўскім універсітэце.
У ліку ўдзельнікаў канферэнцыі - Аляксандр Карскі, праўнук Я. Ф. Карскага, які займаецца на працягу многіх гадоў вывучэннем спадчыны першага беларускага акадэміка, яго біяграфіі.
Высокі навуковы ўзровень канферэнцыі пацвярджаецца ўдзелам у ёй вучоных з сусветным імем, у тым ліку Уладзіміра Алпатава, акадэміка РАН, доктара філалагічных навук, прафесара, прафесара Інстытута мовазнаўства РАН і МДУ імя М.В. Ламаносава.
Падчас XVII Міжнародных Карскіх чытанняў адбылася прэзентацыя шэрагу навуковых выданняў, у тым ліку манаграфіі доктара філалагічных навук, прафесара, Ганаровага ветэрана ГрДУ імя Янкі Купалы Марыі Канюшкевіч «Выбранае. Функцыянальная граматыка. Рэляцыі. Камунікацыя», якая ўбачыла свет напярэдадні міжнароднага навуковага форума.
На працягу двух дзён у рамках навуковага форуму была арганізавана работа 11 секцыйных пасяджэнняў. На палях канферэнцыі адбыўся міжнародны семінар «Лічбавае жыццё нацыянальных медыясістэм і нацыянальных моў», а таксама міжнародны семінар Медыялінгвістычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў «Моўная стэрэатыпія і моўная мода ў сучасным медыятэксце», працу якіх арганізавала кандыдат філалагічных навук, дацэнт Піваварчык.
Упершыню ў рамках чытанняў па ініцыятыве кандыдата філалагічных навук, дацэнта, дацэнта кафедры журналістыкі Таццяны Сівавой адбыўся шэраг секцыйных пасяджэнняў, якія аб'ядналі вучоных, якія займаюцца лінгвістычнымі даследаваннямі колеру.
Арганізатарам XVII Міжнародных Карскіх чытанняў выступіла кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Чытанні былі праведзены пры падтрымцы Медыялінгвістычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыцы кафедры медыялінгвістыкі СПбДУ Ліліі Рашыдаўны Дускаевай.
У час падвядзення вынікаў удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі глыбіню і змястоўнасць дакладаў удзельнікаў, прадуктыўнасць арганізаваных навуковых дыскусій, каштоўнасць міждысцыплінарнага характару навуковага форуму, выказалі падзяку ГрДУ імя Янкі Купалы, факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму, кафедры журналістыкі за высокі ўзровень арганізацыі XVIIІ.