Гродна наведвае дэлегацыя Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Рэспубліцы Беларусь Се Сяоюнам. Галоўнай мэтай візіту стала развіццё міжрэгіянальных і гандлёва-эканамічных сувязей, інавацыйнага ўзаемадзеяння, наладжванне адносін у сферы культуры і турызму. У рамках візіту Пасол наведаў Купалаўскі ўніверсітэт і паразмаўляў са студэнтамі з Кітая, якія вучацца ў нашым універсітэце.
Супрацоўніцтва паміж гродзенскім рэгіёнам і правінцыямі Кітая развіваецца шмат гадоў. Гродзенскай вобласцю заключаны пагадненні аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве з двума рэгіёнамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Першы быў падпісаны ў 2007 годзе з правінцыяй Ганьсу. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўносіць свой уклад у развіццё адносін паміж дзвюма краінамі і актыўна наладжвае сувязі з установамі адукацыі КНР. На гэты момант ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуе больш за два дзясяткі дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве з універсітэтамі і каледжамі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Се Сяоюн упершыню пабываў у Купалаўскім універсітэце, і па добрай традыцыі для госця правялі экскурсію па ўніверсітэце. Першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы запрасіў высокага госця на сустрэчу з купалаўцамі, якія непасрэдна забяспечваюць навучальны працэс кітайскім студэнтам. У рамках гутаркі Аляксандр Карэўскі расказаў пра навуковы і адукацыйны патэнцыял універсітэта, пра найбольш значныя дасягненні, а таксама запэўніў, што ўсе замежныя студэнты адчуваюць сябе як дома і атрымліваюць не толькі якасныя веды! Яны акружаны цяплом і клопатам, узбагачаюцца духоўна і культурна.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР адзначыў, што ён бываў у многіх навучальных установах розных краін, але Купалаўскаму ўніверсітэту знайшлося, чым яго здзівіць.
– Галерэя рэктараў — распаўсюджаны аб'ект гонару універсітэтаў, але такой галерэі прафесараў, як у вас, я яшчэ нідзе не бачыў. Яна кажа аб вашай павазе і трапяткім стаўленні да выкладчыкаў і гісторыі ўніверсітэта. Прыемна даведацца, што нашы студэнты вучацца ва ўніверсітэце, які мае так шмат дасягненняў, а таксама актыўна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі Кітая. Асабліва сімвалічна, што на дадзены момант ваш рэктар Ірына Кітурка знаходзіцца ў Кітаі з працоўным візітам.
Пасля сустрэчы Се Сяоюн сустрэўся з кітайскімі студэнтамі, якія падзяліліся ўражаннямі аб навучанні ў Купалаўскім універсітэце і задалі пытанні, якія іх цікавілі.