Мадэратар семінара, дацэнт кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Калышка прадставіў сістэму ўменняў, неабходных студэнтам для прадуктыўнага ўзаемадзеяння з тэкстам. На канкрэтных прыкладах былі прадэманстраваны адрозненні ў спосабах чытання як камунікацыі і чытання як спажывання інфармацыі.
На думку мадэратара, чытанне як глыбінны і прадуктыўны дыялог з аўтарам прыводзіць у рух сэнсавыя структуры асобы, аказвае значны ўплыў на фармаванне прафесійных «налад» будучага спецыяліста. Напаўненне ўнутранага свету чытача новымі сэнсамі дазваляе адказаць на пытанне: ці адбылося чытанне як камунікацыя.
«Сэнсавае чытанне як універсальнае вучэбнае дзеянне адбіваецца не толькі на пазіцыі студэнта, але і на ролі выкладчыка, - падкрэсліў Аляксандр Калышка. – Сучаснаму педагогу неабходна быць актыўным носьбітам і распаўсюджвальнікам лічбавай інфармацыйнай культуры, суправаджаць студэнта на этапах крытычнага рэагавання на інфармацыю, асэнсаванага разумення зместу тэкстаў, фармулявання ўласных пытанняў да аўтараў інфармацыйных паведамленняў, супастаўлення прачытанага з жыццём».
Удзельнікі семінара з вялікай цікавасцю абмеркавалі ўмовы і фактары, якія ўплываюць на развіццё ўніверсальных навыкаў чытання. Было падкрэслена, што асноўную ўвагу трэба ўдзяліць пытанням матывацыі да чытання і выбудоўвання ў працэсе навучання ва ўніверсітэце сістэмы мерапрыемстваў, накіраваных на асваенне студэнтамі актыўных спосабаў работы з тэкстам.
30 мая адбудзецца заключны семінар праекта "Адкрытае навучанне" і падвядзенне вынікаў 3-га сезона навучання. Інструменты кантролю якасці на практычным занятку прадставіць дацэнт кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Уладзімір Ляўшук. Семінар адбудзецца ў аўдыторыі 218а навучальнага корпуса па вуліцы Ажэшкі, 22. Пачатак а 15:05.
РЭФЛЕКСІЯ УДЗЕЛЬНІКАЎ СЕМІНАРА
«Заняткі як добрая цікавая кніга – прачытаў «на адным дыханні». Рыгор Траццякоў, дацэнт кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, кандыдат юрыдычных навук.
«Як філолаг «прачытала» на семінары некалькі важных меркаванняў, пазнаёмілася з цікавымі інтэрпрэтацыямі, пагрузілася ў працу з незвычайным тэкстам». Аксана Кавальчук, дацэнт кафедры рамана-германскай філалогіі, кандыдат філалагічных навук.
«Маё «прачытанне» семінара пазітыўнае, нарадзіліся новыя пытанні, узніклі новыя ідэі». Антаніна Семак, старшы выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі.