З 14 па 15 чэрвеня ў рамках двунакіраванага супрацоўніцтва дэлегацыя Гродзеншчыны прыняла ўдзел у ІІІ З'ездзе малых гарадоў Ніжагародскай і Гродзенскай абласцей.
У склад дэлегацыі Гродзенскай вобласці ўвайшоў студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта, старшыня Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VII склікання Ягор Скепко. Удзельнікамі маштабнага мерапрыемства з беларускага боку сталі каля сотні чалавек з ліку прадстаўнікоў органаў улады, дэпутацкага корпуса, сфер прамысловасці, моладзі і сродкаў масавай інфармацыі.
У рамках з'езда ўдзельнікі працавалі па спецыялізаваных трэках, звязаных з дзейнасцю органаў мясцовага кіравання і самакіравання, працай аграпрамысловага комплексу, захаваннем культурнай і гістарычнай спадчыны, інстытутам маладзёжнага парламентарызму і патрыятычным выхаваннем. Упершыню сёлета да ўдзелу ў З'ездзе былі запрошаны маладыя парламентарыі.
Прадстаўнік Купалаўскага ўніверсітэта і Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VII склікання Ягор Скепко адзначыў, што ўдзельнікамі маладзёжнага трэка былі намечаны планы па развіццю супрацоўніцтва паміж студэнцкімі атрадамі Ніжагародскай і Гродзенскай абласцей, а таксама па стварэнню сумесных грантавых маладзёжных праектаў. У бліжэйшы час у планах таксама падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Маладзёжным парламентам пры Заканадаўчым сходзе Ніжагародскай вобласці і Маладзёжным парламентам пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.
Працягнулася міжнародная праграма ў суботу, 15 чэрвеня, у горадзе Сямёнаў Ніжагародскай вобласці, дзе адбыўся ХХ Міжнародны фестываль народных мастацкіх промыслаў "Залатая хахлама", у якім у якасці ганаровага госця прыняла ўдзел дэлегацыя Гродзенскай вобласці.
Адзначым, што асноватворнай ідэяй арганізацыі з'езда выступае ўмацаванне эканамічных і культурных сувязей, а таксама адкрыццё новых магчымасцей для ўзаемадзеяння паміж малымі гарадамі Беларусі і Расіі. Наступны, IV З'езд малых гарадоў адбудзецца ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці.