У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з 27 чэрвеня па 1 ліпеня ідзе прыём дакументаў у пераможцаў шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды Купалаўскага ўніверсітэта.
Ужо 36 абітурыентаў скарысталіся магчымасцю паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па выніках універсітэцкай алімпіяды і стаць студэнтамі-купалаўцамі без уступных іспытаў і ЦТ!
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ўключыла ў сябе ў 2024 годзе профільныя алімпіяды па 8 вучэбных прадметах: біялогія, гісторыя Беларусі, руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, матэматыка, фізіка, хімія і англійская мова.
Па сітуацыі трэцяга дня прыёму дакументаў, абітурыенты-алімпіяднікі выбралі 16 спецыяльнасцей: «Прыкладная матэматыка», «Матэматыка», «Экалогія», «Біяхімія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія», «Гісторыя», «Руская філалогія», «Беларуская філалогія», «Пачатковая адукацыя», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя», «Псіхалогія», «Работатэхнічныя сістэмы», «Рамана-германская філалогія», «Сучасныя замежныя мовы», «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў», «Электраэнергетыка і электратэхніка».
Усяго для абітурыентаў, якія паступаюць без уступных іспытаў як пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды, у 2024 годзе выдзелена 65 месцаў для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту.
Даведачна. Усяго для абітурыентаў 2024 года выдзелена 1381 месца для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, 961 - на платнай аснове. На дзённую бюджэтную форму навучання змогуць паступіць 1104 чалавекі, што на 163 месцы перасягае набор 2023 года. Стаць студэнтамі дзённай платнай формы навучання змогуць 698 чалавек, што на 100 чалавек менш, чым у 2023 годзе. Завочная бюджэтная форма перасягае набор 2023 года на 52 чалавек і складае 277 чалавек. Стаць студэнтамі завочнай платнай формы навучання змогуць 263 чалавекі, што на 131 чалавек менш, чым у 2023 годзе.