У ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо стала добрай традыцыяй ушаноўваць дзяцей, якія набралі высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні.
У сценах Купалаўскага ўніверсітэта сабраліся абітурыенты, якія набралі 100 балаў на выпрабаваннях, а таксама тыя выпускнікі, якім зусім крыху не хапіла да запаветнай сотні. Павіншаваць дзяцей з паспяховай здачай уступных іспытаў прыйшлі старшыня камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, старшыня абласной камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў Анатоль Дарожка, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна Ігар Бабыр, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская і рэктар ГрДУ імя Янкі Ірына Кітурка.
Ірына Фёдараўна прывітала ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі і запрасіла абітурыентаў паступаць у Купалаўскі ўніверсітэт, а таксама расказала пра перавагі нашай і ВНУ і падзякавала бацькам за тое, што яны выхавалі такіх выдатных дзяцей.
Як адзначыў Анатоль Дарожка, цэнтралізаванае тэсціраванае прайшло паспяхова, у штатным рэжыме. Таксама ён падзякаваў Купалаўскаму ўніверсітэту за высокі ўзровень арганізацыі ўсіх выпрабаванняў і за прафесіяналізм супрацоўнікаў-купалаўцаў.
– Я як старшыня абласной камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў з упэўненасцю магу сказаць, што ўсім абітурыентам былі прадастаўлены роўныя ўмовы з захаваннем усіх неабходных мер. Як паказвае практыка, у Гродзенскай вобласці заўсёды высокія балы на ЦТ і гэты год не стаў выключэннем. Толькі аднаго чалавека прыйшлося выдаліць з выпрабаванняў за выкарыстанне тэлефона, – расказаў Анатоль Дарожка.
Усяго ў дні цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскай вобласці было выканана больш за 6 000 тэстаў, з іх 2969 у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. 48 чалавек сталі ўладальнікамі стабальнага сертыфіката, звыш 90 балаў набралі 395 абітурыентаў.
– Больш за ўсё стобальных вынікаў па англійскай - 15, па матэматыцы 9 абітурыентаў атрымалі сотню, 6 чалавек дасягнулі максімальнага выніку па фізіцы, хіміі і грамадазнаўству, – расказала начальнік аддзела тэсціравання і прафарыентацыі моладзі ЦДА Наталля Кранцэвіч.
Цэнтралізаванае тэсціраванне завяршылася, але гарачая пара як для абітурыентаў, так і для універсітэтаў не скончылася. Прыёмная кампанія ў Беларусі працягваецца - а гэта не менш адказны этап. Але гасцям урачыстай цырымоніі моцна хвалявацца не даводзіцца, бо іх балы даюць цвёрдую ўпэўненасць у паспяховым паступленні!