З канца чэрвеня студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму праходзяць археолага-этнаграфічную практыку на беразе возера Малочнае побач з аг. Парэчча Гродзенскага раёна.
У экспедыцыі акрамя студэнтаў першага курса і выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін прымаюць удзел археолаг Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама эколаг-глебазнаўца. Разам са студэнтамі ў археалагічных даследаваннях прынялі ўдзел дзевяць вучняў сярэдняй школы № 39 г. Гродна.
Для сяброў студэнцкай навуковай археалагічнай лабараторыі ўдзел у экспедыцыі – выдатная магчымасць набыць і пашырыць прафесіныя кампетэнцыіі ў палявых умовах. Дзейнасць экспедыцыі зацікавіла і ўдзельнікаў абласного летніка для вучняў-алімпіяднікаў «Навука». Для іх была арганізавана экскурсія на базу экспедыцыі і археалагічны раскоп, дзе яны змаглі пазнаёміцца са спецыфікай працы археолага.
Археалагічны помнік «Старая Руда» вядомы яшчэ з 70-х гг. ХХ ст., але раскопкі на ім адбываюцца ўпершыню, што надае асаблівую значнасць дзейнасці экспедыцыі. Па словах навуковага кіраўніка экспедыцыі Алеся Гаршкова, помнік з’яўляецца шматслойным і ўтрымлівае матэрыялы ад фінальнага палеаліту да Сярэднявечча, што дае магчымасць прасачыць асаблівасці развіцця археалагічных культур гэтага ўнікальнага мікрарэгіёна беларуска-літоўскага памежжа.
Вынікі даследаванняў будуць апрацаваны ўдзельнікамі студэнцкай навуковай археалагічнай лабараторыі і выкарыстаны пры падрыхтоўцы артыкулаў, курсавых і дыпломных прац, у прафарыентацыйнай праце з вучнямі, а таксама пры распрацоўцы навуковых тэм па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.