З 8 па 13 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе першая ў Беларусі шматпрофільная летняя школа «Купалаўскі старт». Яе ўдзельнікамі сталі 28 хлопчыкаў і дзяўчынак з сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыск.
«Купалаўскі старт» – новы адукацыйны праект універсітэта, накіраваны на ўсебаковае развіццё школьнікаў. У рамках школы ўдзельнікі змогуць пагрузіцца ў розныя навучальныя дысцыпліны, наведаць лекцыі і майстар-класы ад вядучых экспертаў, а таксама паспрабаваць сябе ў вырашэнні практычных задач.
– Неабходнасць стварэння такой школы была прадыктавана патрабаваннямі часу. Гэты праект аб'яднаў школьнікаў профільных класаў педагагічнай і інжынернай накіраванасцей. Універсітэт падрыхтаваў для дзяцей цікавую і адначасова складаную праграму. На працягу шасці дзён яны пройдуць тэсціраванне па беларускай мове, напішуць кантрольную работу па матэматыцы і дыктоўку па рускай мове, – расказала начальнік цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская.
Паводле яе слоў, удзел у летняй школе дае унікальную магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але і пазнаёміцца з універсітэцкім асяроддзем, ацаніць свае здольнасці і вызначыцца з будучым адукацыйным напрамкам.
Навучэнец сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыск Іван Музычка лічыць, што гэтая школа дазволіць яму вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і пазнаёміцца з Купалаўскім універсітэтам. Да гэтага на працягу года малады чалавек наведваў факультатыў «Выбіраем інжынерныя спецыяльнасці».
– Я навучаюся ў профільным класе педагагічнай накіраванасці. Шматпрофільная летняя школа стане зыходным пунктам у маім адукацыйным падарожжы. Хачу паступіць у ГрДУ імя Янкі Купалы, каб у будучым стаць настаўнікам гісторыі, – падзялілася навучэнка сярэдняй школы №7 горада Ваўкавыск Карына Рыжко.
У першы дзень працы школы з юнакамі сустрэлася рэктар універсітэта. Ірына Кітурка расказала пра багатую гісторыю Купалаўскага ўніверсітэта і яго прэстыжны статус. Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што Купалаўскі ўніверсітэт імкнецца стварыць для кожнага студэнта ўнікальныя адукацыйныя магчымасці і асяроддзе для дасягнення поспеху ў сваёй будучай кар'еры.
У сваёй прамове рэктар акцэнтавала ўвагу на інавацыйных метадах выкладання, якія выкарыстоўваюцца ва ўніверсітэце, і на тым, як яны садзейнічаюць развіццю творчага мыслення, крытычнага аналізу ў студэнтаў. Яна адзначыла значэнне практычнага вопыту і прадставіла шэраг праграм і праектаў, якія дапамогуць студэнтам прымяніць свае веды на практыцы і атрымаць поспех у сваіх галінах.
Таксама юнакі наведалі Студэнцкі медыяцэнтр і навуковую бібліятэку, дзе з цікавасцю акунуліся ў інтэлектуальную гульню «Навуковая бібліятэка – крыніца ведаў!».
Наперадзе школьнікаў чакае шмат адкрыццяў і магчымасцей. Яны ўвойдуць у свет ведаў, дзе кожны дзень стане новым выклікам і шанцам на развіццё.