Сёння па ўсёй Беларусі стартаваў асноўны этап прыёмнай кампаніі! Раней дакументы прымалі ад «мэтавікоў» і пераможцаў Купалаўскай шматпрофільнай алімпіяды. Па добрай традыцыі першых абітурыентаў ушаноўвала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, а таксама ганаровыя госці: Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і Старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. Сярод першых абітурыентаў - залатыя медалісты, прызёры рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, хлопцы са спартыўнымі дасягненнямі, якія атрымалі 100 балаў на ЦТ і ЦЭ. Увогуле, сапраўдныя зорачкі!
Да старту асноўнага этапу ў Купалаўскі ўніверсітэт былі залічаны 40 пераможцаў унутрыуніверсітэцкай шматпрофільнай алімпіяды і 194 студэнты па мэтавых напрамках. Штогод ГрДУ імя Янкі Купалы прымае амаль 2 300 чалавек, і гэтая прыёмная кампанія - не выключэнне. У гэтым годзе павялічаны на 250 месцаў бюджэтны набор і ў цэлым ён склаў 1329 чалавек. Сярод навін гэтага года – павелічэнне набору на ваенны факультэт, аднаўленне набору на спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» і «Фінансы і крэдыт».
Як адзначыла Ірына Кітурка, Купалаўскі ўніверсітэт аператыўна рэагуе на патрэбнасці і запыты рэгіёну. У мінулым годзе была адкрыта спецыяльнасць «Архітэктура», якая аказалася запатрабаванай, таму ў сёлетнюю кампанію павялічана колькасць бюджэтных месцаў на гэтую спецыяльнасць.
– Штогод 25% абітурыентаў - гэта абітурыенты з іншых рэгіёнаў. Маючы свае ўніверсітэты і такія ж спецыяльнасці, яны выбіраюць нас, што вельмі ганарова. Я, нарадзіўшыся за 10 кіламетраў ад Брэста, мэтанакіравана паступала ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і ніколькі пра гэта не пашкадавала. Важна, што 90% сваіх выпускнікоў мы размяркоўваем у наш рэгіён, таму як моцныя рэгіёны - моцная краіна, – расказала Ірына Кітурка і звярнула ўвагу на тэндэнцыю павелічэння цікавасці да інжынерных спецыяльнасцяў.
Важнасць сённяшняга дня адзначыў і памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які пажадаў удачы абітурыентам і павіншаваў з пачаткам новага цікавага этапа ў іх жыцці.
– Сёння па ўсёй краіне абітурыенты прыходзяць ва ўніверсітэты, каб паступіць на тую спецыяльнасць, якую яны свядома выбралі, пра якую марылі. Гэта вельмі важны дзень і для дзяцей, і для бацькоў, і для саміх універсітэтаў, – падзяліўся Юрый Караеў.
Як адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, КДК у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ажыццяўляе кантроль за ўступнай кампаніяй, якая знаходзіцца ў самым разгары.
– На ўсіх этапах Камітэт ажыццяўляе кантроль. І калі праходзілі цэнтралізаваны іспыт, цэнтралізаванае тэсціраванне, калі ажыццяўлялася падача дакументаў на мэтавую падрыхтоўку. І трэба адзначыць, што ўсё арганізавана ў адпаведнасці з заканадаўствам. Самае галоўнае, на што звяртае Камітэт дзяржаўнага кантролю ўвагу, - строгае выконваў трыванне норм, якія прапісаны ў заканадаўстве, і стварэнне для ўсіх абітурыентаў роўных умоў, – падкрэсліў Анатоль Дарожка, дадаўшы, што ўступная кампанія гэтага года праходзіць, як і ў мінулыя гады - арганізавана і дакладна. Але разам з гэтым КДК працягвае кантраляваць усе этапы, каб папярэдзіць любыя парушэнні.
Нагадаем, што сёлета, як і летась, у ГрДУ імя Янкі Купалы даступна электронная рэгістрацыя абітурыентаў у межах працы лічбавай прыёмнай камісіі. Усім абітурыентам Купалаўскі ўніверсітэт рэкамендуе загадзя зарэгістравацца ў Лічбавым кабінеце абітурыента на сайце abit.by, запоўніць заяву для паступлення і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў. Далейшыя крокі падкажа сістэма. На любым этапе можна звязацца са спецыялістамі, якія акажуць дапамогу ў рэгістрацыі, а таксама дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю, формай навучання і выбарам факультэта.