Залічэнне для навучання па адукацыйнай праграме магістратуры ў дзённай і завочнай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту адбылося 13 ліпеня.
На 97 месцаў дзённай бюджэтнай формы навучання прэтэндавалі 130 абітурыентаў, на 52 месцы завочнай бюджэтнай формы - 77 абітурыентаў. У 2024 годзе ўступныя іспыты праходзілі на працягу трох дзён (6, 9 і 10 ліпеня). Для кожнага абітурыента пры рэгістрацыі дакументаў электронная сістэма аўтаматычна вызначала дату правядзення іспыту і канкрэтны час яўкі на экзамен з мэтай скараціць перыяд папярэдняга чакання.
Сярэдні бал па выніках уступных іспытаў для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2024 годзе на дзённую форму атрымання адукацыі склаў 8,36, на завочную форму - 8,02.
Сярод залічаных магістрантаў 65% жанчын і 35% мужчын. Сярэдні бал дакументаў аб адукацыі магістрантаў дзённай формы атрымання адукацыі складае 8,43 бала, завочнай формы атрымання адукацыі - 7,5. 71 чалавек мае навуковыя публікацыі, 40 скончылі ўстанову вышэйшай адукацыі з дыпломам з адзнакай. Адзін студэнт з'яўляецца дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў, 21 чалавек па выніках навучання на І ступені вышэйшай адукацыі ўзнагароджаны дыпломам студэнцкага навуковага таварыства.
Абітурыенты, залічаныя для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі на бюджэтную форму навучання ў 2024 годзе – гэта не толькі выпускнікі першай ступені Купалаўскага ўніверсітэта, але і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Мінскага радыётэхнічнага інстытута, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў РБ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча, Акадэміі Упраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларус музыкі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт працоўных і сацыяльных адносін» і Валгаградскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.
Залічэнне абітурыентаў для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі на платнай аснове пройдзе 15 ліпеня.