Па стане на 9 жніўня 2024 года ўжо прыступілі да працы 342 выпускнікі-купалаўцы.
Усяго ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2024 годзе атрымалі вышэйшую адукацыю больш за дзве тысячы чалавек. Гарантаванае першае працоўнае месца і статус маладога спецыяліста набылі 870 выпускнікоў бюджэтнай формы, і гэта 100% - паказчык размеркавання студэнтаў бюджэтнай формы. З іх 52 чалавекі навучаліся па мэтавай дамове, 90 чалавек – выпускнікі магістратуры. Таксама атрымаць гарантаванае першае працоўнае месца змаглі і 22 выпускнікі платнай формы навучання.
Купалаўскі ўніверсітэт рыхтуе запатрабаваных спецыялістаў для Гродзенскай вобласці, пацвярджаючы той факт, што моцныя рэгіёны – моцная краіна. Амаль 90 працэнтаў выпускнікоў размеркаваны на прадпрыемствы, у арганізацыі і ўстановы адукацыі Гродзеншчыны.
Сярод асноўных заказчыкаў кадраў – Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенская рэгіянальная мытня, ААТ «Гродна Азот», ААТ «Белкард», рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда», ГРУПЭ «Гроднаэнерга», АУПП «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», УА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна аздараўленчы цэнтр «Зубраня», ТАА «ІнтэксСофт», ДУ «Рэдакцыя рэгіянальнай газеты «Перспектыва», ГУФКіС «Баскетбольны клуб «Прынямонне», КУП «Гроднааблкінавідэапракат», ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі», ААТ «Гродзенскі шклозавод» , ААТ «Гроднапрамбуд», ТАА «Азаці», РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», ПТАДА «Фірма АВС», ГПКУП «Камбінат школьнага харчавання г. Мінска», Упраўленне Следчага камітэта РБ па Гродзенскай вобласці, КК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей», УА «Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж ім. Івана Шчаснага», Гарадзенская прафсаюзная цэнтральная СДЮШАР адзінаборства.
Больш за 35 працэнтаў выпускнікоў будуць працаваць у сістэме адукацыі. 12 выпускнікоў пачнуць сваю кар'еру ў НДЦ «Зубраня».
Нагадаем, выпускнікам педагагічных спецыяльнасцей, накіраваных для работы ў якасці педагогаў, у адпаведнасці з артыкулам 48 «Гарантыі і кампенсацыі выпускнікам» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі пасля заканчэння навучання ва ўніверсітэце прадастаўляецца адпачынак працягласцю 45 каляндарных дзён. Дата прыбыцця на першае працоўнае месца ў такіх маладых спецыялістаў устаноўлена ў перыяд з 8 па 15 жніўня 2024 года і залежыць ад спецыяльнасці.
Адзначым, размеркаванне выпускнікоў са статусам маладога спецыяліста забяспечвае ім не толькі першае працоўнае месца, але і шэраг гарантый, сацыяльны пакет і іншую падтрымку, прадугледжаную калектыўнымі дамовамі арганізацый.
Маладым спецыялістам мясцовыя распарадчыя органы, наймальнікі могуць устанаўліваць грашовую дапамогу, выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі затрат на жыллё. З 1 студзеня 2024 года ў артыкул 209 Падатковага кодэкса ўключаны нормы, згодна з якімі маладыя спецыялісты, маладыя рабочыя (служачыя) маюць права на атрыманне дадатковага стандартнага падатковага выліку па падаходным падатку ў памеры 620 рублёў у месяц.
Так, перавагамі статусу маладога спецыяліста скарыстаецца выпускніца факультэта біялогіі і экалогіі Амелія Юдзіна, ураджэнка Екацярынбурга. Хоць на грамадзян Расійскай Федэрацыі працэдура размеркавання не распаўсюджваецца, дзяўчына па сваім жаданні атрымала першае працоўнае месца ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры».