На працягу ўсяго лета купалаўцы працуюць важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Прадстаўнікі структурных падраздзяленняў універсітэта накіраваліся з маніторынгам дзейнасці студэнцкіх атрадаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
«Дружба», «Азёры», «Сузор'е» і «Бярозка» - дзіцячыя аздараўленчыя лагеры Гродзенскай вобласці, дзе працуюць нашы студэнты. Менавіта туды адправілася дэлегацыя, каб паглядзець у якіх умовах працуе моладзь, і даведацца пра яе ўражанні.
Як адзначыла начальнік аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРсМ Іна Астроўская, якая ўзначальвала дэлегацыю, педагагічныя студэнцкія атрады адыгрываюць важную ролю ў сістэме выхавання дзяцей Беларусі ў час летняга аздараўлення.
– Загадзя быў забяспечаны высокі ўзровень падрыхтоўкі студатрадаўцаў. А па выніках маніторынгу будуць распрацаваны каштоўныя рэкамендацыі, якія дазволяць палепшыць дзейнасць студэнцкіх атрадаў Купалаўскага ўніверсітэта. Яны стануць асновай для далейшага ўдасканалення работы атрадаў і павышэння іх эфектыўнасці, – адзначыла Іна Астроўская.
З году ў год праца ў педагагічных атрадах карыстаецца папулярнасцю не толькі ў будучых настаўнікаў. Напрыклад, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Богдан – будучы журналіст, але з задавальненнем працуе з дзецьмі. Яе працоўнае лета праходзіць у ДОЛ «Бярозка».
– Гэта маё першае працоўнае лета, і мне вельмі падабаецца! Рада, што скарысталася магчымасцю, якую дае ўніверсітэт. Педагагічны атрад выбрала, бо люблю дзяцей, мне падабаецца з імі працаваць. Рабяты ўсё вельмі розныя: да кожнага трэба знайсці свой падыход. Гэта вельмі цікава. Адаптацыя прайшла лёгка - нам дапамагалі адміністрацыя, важатыя, якія ўжо не ў першы раз працуюць. Абстаноўка ў лагеры камфортная і прыязная, – падзялілася Карына.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і дзеці. Аліса адпачывае ў ДОЛ «Бярозка» ужо ў другі раз. Кожны дзень у лагеры для дзяўчынкі запамінаецца нечым цікавым і ніводзін з іх не абыходзіцца без дапамогі і падтрымкі студэнтаў-купалаўцаў.
– Здорава, што з намі працуюць такія маладыя важатыя. Мы з імі на адной хвалі, ёсць агульныя інтарэсы. Да іх заўсёды можна звярнуцца за дапамогай, парадай. Вядома, мы прыслухоўваемся да іх, – падзялілася Аліса.
Падчас маніторынгу парушэнняў выяўлена не было: праца студатрадаў адпавядае нормам і арганізавана ў рамках працоўнага заканадаўства РБ.
Тым часам працоўнае лета купалаўцаў працягваецца, хлопцы з карысцю і цікавасцю бавяць час у маляўнічых мясцінах і атрымліваюць неацэнны вопыт.