Вынікі даследаванняў выпускніка Купалаўскага ўніверсітэта Дзмітрыя Сямёнавіча апублікаваны ў РІА навіны на сайце РНФ.
Прэс-рэлізы аб выніках даследаванняў Дзмітрыя Сямёнавіча, апублікаваныя ў РІА навіны на сайце Расійскага навуковага фонду, яскрава дэманструюць паспяховасць навукова-педагагічных школ Купалаўскага ўніверсітэта.
Дзмітрый Сямёнавіч – выпускнік спецыяльнасці «Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)» і аспірантуры Купалаўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Біяхімія». Кандыдацкую дысертацыю «Акісляльна-аднаўленчы баланс глутатыёна ў галаўным мозгу пацукоў пры эксперыментальным нейротоксікозе і яго карэкцыя вытворнымі пантатэнавай кіслаты» пад кіраўніцтвам прафесара, доктара біялагічных навук Ніны Кануннікавай абараніў у 2020 годзе. У 2021 годзе стаў лаўрэатам конкурсу «100 маладых талентаў НАН Беларусі».
На працягу навучання ва ўніверсітэце Дзмітрый Сямёнавіч з'яўляўся актыўным удзельнікам навукова-педагагічнай школы «Біяэнергетыка клеткі: структура і функцыі мітахондрый у норме і пры паталогіі», навуковы кіраўнік якой - доктар біялагічных навук, прафесар Ілля Заводнік.
У цяперашні час выпускнік-купалавец – старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі структуры і функцыі мітахондрый НДІ фізіка-хімічнай біялогіі імя А.М. Белазерскага МДУ імя М.У. Ламаносава. Яго навуковыя веды і эксперыментальныя навыкі, атрыманыя ў Купалаўскім універсітэце, даюць магчымасць выконваць навуковыя даследаванні на сусветным узроўні.
Наяўнасць у ГрДУ імя Янкі Купалы развітой сістэмы навукова-педагагічных школ тэарэтычнага і прыкладнога профілю з'яўляецца адным з паказчыкаў эфектыўнасці навуковай дзейнасці ўніверсітэта.
Навукова-педагагічныя школы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы зарэкамендавалі сябе як значны здабытак навуковай супольнасці. У іх актыве - унікальны вопыт распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных методык выкладання дысцыплін і падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, а таксама шырокі масіў навуковых ідэй, перспектыўных адкрыццяў і тэхнічных распрацовак.
Працэс фармавання новых перспектыўных навукова-педагагічных школ у Купалаўскім універсітэце працягваецца, забяспечваючы падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў і дынамічнае развіццё навукі. Гэта пацвярджае статус ВНУ як вядучага навуковага цэнтра.