У гэтым годзе рэкордная колькасць выпускнікоў сярэдняй школы № 2 г. Масты ім. Героя Савецкага Саюза В.П. Жукава для атрымання вышэйшай адукацыі выбралі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
З 19 выпускнікоў 11 «А» класа сярэдняй школы №2 – 17 паступілі ва ўніверсітэты. 15 чалавек з іх ліку аддалі перавагу ГрДУ імя Янкі Купалы. Кіраўнік установы адукацыі Аляксандр Старавойтаў упэўнены, што такога кшталту арыентаванасць класа на свой рэгіён – вынік правядзення выхаваўчай працы класным кіраўніком Наталляй Ганцавіч.
Адна з выпускніц – Ганна Марціноўская – стала лідэрам па колькасці балаў сярод усіх абітурыентаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Яна набрала 398 балаў і ўжо ў дзень падачы дакументаў ва ўніверсітэт была ўпэўнена ў залічэнні на бюджэт.
На пытанне, як удалося сабраць у адным класе столькі талентаў і дапамагчы ім раскрыцца, класны кіраўнік Наталля Уладзіміраўна Ганцавіч пачынае свой адказ з успамінаў:
– Пазнаёмілася з гэтымі хлопцамі, калі яны былі трэцякласнікамі. Вяла тады ў іх англійскую мову і адразу зразумела, што мне дасталіся творчыя дзеці. У першы год вывучэння замежнай мовы мы змаглі з імі паставіць спектакль на англійскай! Яны заўсёды ўражвалі педагогаў сваёй дапытлівасцю, актыўнасцю, жаданнем не проста вучыцца ці займацца творчасцю, а рабіць гэта на вышэйшым узроўні.
Нагадаем, што ў 2024 годзе сярэдні конкурс па спецыяльнасцях, на якія абітурыенты паступалі па трох сертыфікатах ЦТ і ЦЭ, склаў 1,86 чалавека на месца. Ва ўніверсітэт былі залічаны 37 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды і 194 чалавекі, якія будуць навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.