23 жніўня адбылася цырымонія падпісання дарожных карт па развіццю супрацоўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання прыродных рэсурсаў на 2024 – 2026 гады. У падпісанні дакументаў прынялі ўдзел дзевяць ВНУ, у тым ліку Купалаўскі універсітэт, які прадставіла рэктар Ірына Кітурка.
Мерапрыемства прайшло на базе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Падчас урачыстай цырымоніі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк адзначыў, што падпісанне дарожных карт стала лагічным развіццём пагаднення, якое прыродаахоўнае ведамства напярэдадні падпісала з Міністэрствам адукацыі.
Супрацоўніцтва ў рамках падпісаных карт накіравана на павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння па пытаннях удасканалення экалагічнай адукацыі, падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага (устойлівага) прыродакарыстання, а таксама на павышэнне іх кваліфікацыі.
У ходзе ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва будуць выконвацца навуковыя даследаванні, адбывацца абмен у сферы аховы навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, плануецца прыцягненне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый Мінпрыроды ў якасці кіраўнікоў або навуковых кансультантаў курсавых, дыпломных работ і магістарскіх дысертацый студэнтаў ці выпускнікоў універсітэтаў.