Сёння ў Мінску прайшла Рэспубліканская педагагічная рада з удзелам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікі расставілі акцэнты на бліжэйшы год і вызначылі задачы, якія трэба будзе вырашыць.
У мерапрыемстве ў Палацы Рэспублікі прынялі ўдзел больш за 2,5 тыс. чалавек. Абсалютная большасць - прадстаўнікі дэлегацый абласцей, у ліку якіх кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, выкладчыкі, дырэктары школ і каледжаў. У Рэспубліканскім педсавеце таксама прынялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржкіравання, рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў і парламентарыі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Рэспубліканскай педагагічнай радзе, абазначыў ключавыя напрамкі, па якіх будзе праводзіцца данастройка сістэмы адукацыі: прэстыж прафесіі; патрыятызм - падмурак адукацыі; таленты павінны заставацца ў краіне; прафесіі будучыні; экспарт паслуг адукацыі.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў маштабным форуме прадставілі Ірына Кітурка, рэктар Купалаўскага ўніверсітэта, Васіль Сянько, прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, Віктар Ватыль, загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, Ірына Майсеева, дацэнт кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі юрыдычнага факультэта і Вольга Будзёніс, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта.
З дакладам на Рэспубліканскай педагагічнай радзе выступіла намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта. Вольга Будзёніс расказала пра ідэалагічны складнік выхавання ва ўмовах выклікаў сучаснага свету.
Яна падкрэсліла, што ў сістэме адукацыі Беларусі ва ўсе часы ўдзялялася выключная ўвага ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце:
– Пра гэта магу меркаваць па сваім асабістым досведзе. Пераступіўшы парог Купалаўскага ўніверсітэта ў 2002 годзе, будучы няўпэўненай у сабе першакурсніцай, атрымала не толькі годную адукацыю, але і сфармавалася як спелая асоба з выразнай грамадзянскай пазіцыяй.
У час Рэспубліканскага мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт, што адукацыя – фундаментальная сфера нашага жыцця, якая праймае абсалютна ўсе галіны і вызначае развіццё ўсёй нацыі.
– Працу са здольнымі дзецьмі ў школах і ВНУ неабходна ўзмацніць. Таленты павінны заставацца ў нашай краіне! Мэта адна – яны павінны жыць і працаваць у сваёй краіне, – сказаў беларускі лідэр.