Напярэдадні Дня ведаў, 29 жніўня, у Купалаўскім універсітэце адбылося ўрачыстае пасвячэнне ў студэнты.
Сёння сваю першую лекцыю наведалі юнакі і дзяўчаты фізіка-тэхнічнага факультэта, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта біялогіі і экалогіі, факультэта псіхалогіі, а таксама навучэнцы Гуманітарнага і Ваўкавыскага каледжаў і курсанты ваеннага факультэта. Мерапрыемства транслявалася анлайн.
Першакурснікам былі прадстаўлены прарэктары Купалаўскага ўніверсітэта і лідэры маладзёжных студэнцкіх аб'яднанняў.
На лекцыі ва ўрачыстай абстаноўцы Ірына Фёдараўна расказала дзецям пра гісторыю ўніверсітэта, дасягненні студэнтаў і выпускнікоў. Першакурснікі даведаліся, якія пазіцыі займае ўніверсітэт у міжнароднай прасторы, а таксама пазнаёміліся з традыцыямі і карпаратыўнай культурай.
– У гэтым годзе купалаўская сям'я стала багацей на 2379 чалавек. Кажуць, што бацькоў і Радзіму не выбіраюць, а ўніверсітэт – выбіраюць. І вы аддалі перавагу менавіта Купалаўскаму ўніверсітэту. Я шчыра дзякую вам за гэты выбар, а таксама вашым бацькам і педагогам, якія, магчыма, на яго паўплывалі. Вы прынялі правільнае рашэнне! Наш універсітэт – адзін з лепшых універсітэтаў Беларусі, які дае студэнтам магчымасць атрымаць якасную адукацыю, выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял, сфарміраваць прафесійныя кампетэнцыі на карысць свайго рэгіёну і сваёй краіны. І ў нас шмат дасягненняў і нагод для гонару, – адзначыла рэктар.
Асаблівую ўвагу Ірына Фёдараўна надала магчымасцям, якія створаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы для самарэалізацыі ў навуцы, адукацыі, творчасці і спорце. Гэта высакаякаснае адукацыю, шырокае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у перыяд працы прыёмнай кампаніі і навучальны працэс, падтрымка розных ініцыятыў студэнтаў, сацыяльная падтрымка і стымуляванне, магчымасць рэалізаваць розныя здольнасці, і многае іншае.
– У нас ёсць усё, каб дапамагчы вам раскрыць свае таленты і рэалізаваць свой патэнцыял. Галоўнае – ваша жаданне. Калісьці Купалаўскі ўніверсітэт стаў універсітэтам маіх магчымасцяў, дык няхай ён стане і універсітэтам вашых магчымасцяў! – дала пажаданне рэктар у сваім звароце да першакурснікаў.
У завяршэнне мерапрыемства Ірына Фёдараўна не проста пажадала поспехаў рабятам, але і падзялілася лайфхакамі, як гэтых поспехаў дасягнуць: заўсёды працаваць на вынік; быць адзінымі; памятаць, што вясёлае студэнцкае жыццё залежыць толькі ад самога сябе; выконваць дрэс-код, які ўпрыгожыць ветлая ўсмешка; ну і галоўнае - усё рабіць з любоўю.
Ва ўрачыстай абстаноўцы рэктар універсітэта ўручыла студэнцкія білеты лепшым студэнтам, якія паказалі выдатныя вынікі пры паступленні.
Па традыцыі старшакурснікі перадалі сімвалічны студэнцкі білет і ключ ведаў першакурснікам – Ганне Марціноўскай і Аляксею Жукевічу. Напрыканцы мерапрыемства першакурснікі прамовілі клятву студэнта.
У адрас прысутных прагучала музычнае віншаванне ад студэнткі 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, «Студэнта года – 2023», Анастасіі Кісель – прэм'ера песні «Мама Беларусь».