Будучыя юрысты, эканамісты, майстры спорту, педагогі, інжынеры, філолагі, дызайнеры і мастакі праслухалі першую лекцыю з вуснаў рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы.
Учора, 29 жніўня, сваю першую лекцыю наведалі юнакі і дзяўчаты фізіка-тэхнічнага факультэта, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта біялогіі і экалогіі, факультэта псіхалогіі, а таксама навучэнцы Гуманітарнага і Ваўкавыскага каледжаў і курсанты ваеннага.
Сёння ўдзельнікамі сустрэчы сталі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну, факультэта фізічнай культуры, юрыдычнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання, педагагічнага факультэта, інжынернага факультэта, філалагічнага факультэта, навучэнцы Тэхналагічнага і Лідскага каледжаў.
Актавая зала напоўнілася чаканнем і атмасферай прадчування новых ведаў і адкрыццяў. Першакурснікі сабраліся разам і гатовы ўбіраць мудрасць і вопыт, якімі дзеліцца з імі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Лекцыя пад назвай «Універсітэт вашых магчымасцей» пачалася з натхняльных слоў аб значнасці выбранай траекторыі прафесійнага развіцця. Рэктар падкрэсліла важнасць працы і самаўдасканалення ў шляху да дасягнення пастаўленых мэт.
Падчас мерапрыемстваў хлопцам таксама расказалі пра лічбавае адукацыйнае асяроддзе, якое створана ва ўніверсітэце, пра канцэпцыю практыка арыентаванай адукацыі, пра фонды, якія дзейнічаюць ва ўніверсітэце, дзякуючы якім студэнты могуць разлічваць на фінансавую падтрымку сваіх ідэй, інавацыйных праектаў і ініцыятыў. Студэнты першага курса даведаліся, што хутчэй адаптавацца да навучальнага працэсу ім дапамогуць спецыяльна створаныя мабільныя дадаткі «Памятка першакурсніка» і «Электронны расклад».
Студэнты ўважліва слухалі кожнае слова. Па заканчэнні лекцыі было відаць, як іскры новых ведаў запаліліся ў вачах студэнтаў. Кожны з будучых спецыялістаў разумеў, што Купалаўскі ўніверсітэт – не проста месца вучобы, а шлях да самаразвіцця, кар'ернага росту і асобаснага ўдасканалення.
Па традыцыі ў рамках урачыстага мерапрыемства «Прысвячэнне ў студэнты» былі ўручаны студэнцкія білеты лепшым першакурснікам, тым, хто паказаў высокія вынікі ў ходзе ўступнай кампаніі гэтага года. Затым першакурснікі далі ўрачыстую клятву з годнасцю несці званне студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, не шкадаваць сіл і часу на зразуменне навук і працягваць добрыя традыцыі беларускага студэнцтва.
Кульмінацыяй свята стала перадача сімвалічнага студэнцкага білета і ключа ведаў ад студэнтаў старэйшых курсаў новаспечаным купалаўцам.