Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, прайшла ў Купалаўскім універсітэце 2 верасня. Мерапрыемства адбылося ў самым сэрцы роднай ВНУ – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, дзе сабраліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі.
Дзень Ведаў у Рэспубліцы Беларусь – сапраўды значнае свята – дзень прызнання важнасці і каштоўнасці адукацыі і асветы, ушаноўвання навукі і тэхналогій, інтэлектуальнай моцы нашай незалежнай дзяржавы.
Па традыцыі свята пачалося з унясення Сцяга Рэспублікі Беларусь і Сцяга Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы лепшымі курсантамі ваеннага факультэта і студэнтамі, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў галіне навукі, культуры і спорту праслаўляюць універсітэт у Рэспубліцы Беларусь і далёка за яе межамі.
На ўрачыстай лінейцы выступілі рэктар універсітэта Ірына Кітурка і ганаровыя госці, якія павіншавалі студэнтаў з пачаткам новага навучальнага года і пажадалі поспехаў у вучобе і навуковай дзейнасці.
– Пачатак новага навучальнага года – гэта заўсёды пачатак новай старонкі ў гісторыі Купалаўскага ўніверсітэта. У гэтым навучальным годзе нас чакае шмат падзеяў. Мы адзначым 85-годдзе з дня ўтварэння сваёй навучальнай установы, у рамках якой адбудзецца II З'езд выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы. 20 верасня спаўняецца 80 год Гродзенскай вобласці. У 2025 годзе будзе адзначацца 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пройдуць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – расказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
У сваім звароце да купалаўцаў Ірына Фёдараўна пажадала, каб кожны студэнт знайшоў сваё пакліканне і імкнуўся да высокіх дасягненняў. Яна падкрэсліла важнасць упартасці, натхнення і ўзаемнай падтрымкі ў працэсе навучання.
– Сёння мы адзначаем Дзень ведаў – асаблівае свята, значнае для ўсёй нашай краіны. Веды – гэта аснова прагрэсу і развіцця грамадства. Менавіта яны дапамагаюць нам вырашаць складаныя задачы, паляпшаць якасць жыцця і будаваць светлую будучыню, – звярнуўся да купалаўцаў Старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун.
Падчас мерапрыемства з рук рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітуркі і Старшыні Гродзенскага абласнога суда Аляксандра Корзуна былі ўручаны пасведчанні «Аб занясенні на Дошку гонару па выніках 2023/2024 навучальнага года» лепшым навучэнцам, студэнтам, магістрантам і аспірантам універсітэта.
– Вельмі рада быць тут, на ўрачыстай лінейцы. Сёння асабліва хвалююча, бо я апынулася ў ліку тых, хто будзе занесены на Дошку гонару. Прыемна, што мае акадэмічныя працы заўважылі і ацанілі, – падзялілася студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ангеліна Беразоўская.
Ад педагагічнай супольнасці павіншавала студэнтаў і ўсіх прысутных дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Вольга Янчурэвіч. Вольга Віктараўна пажадала студэнтам поспехаў у вучобе, новых адкрыццяў і пастаяннага імкнення да ведаў.
Ад імя студэнцкай супольнасці слова было дадзена Анастасіі Кісель, студэнтцы 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, уладальніку звання «Студэнт года Рэспублікі Беларусь». У сваёй натхняльнай прамове дзяўчына пажадала студэнтам не спыняцца на дасягнутым. Яна падкрэсліла важнасць актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці і развіцці асабістых і прафесійных навыкаў.
Дзень ведаў у ГрДУ імя Янкі Купалы стаў выдатнай магчымасцю для студэнтаў распачаць навучальны год са станоўчых эмоцый. Ён заклаў аснову для паспяховага і плённага навучання, а таксама даў магчымасць кожнаму адчуць сябе часткай вялікай і дружнай купалаўскай сям'і.