Удзельнікаў інтэлектуальна-спартыўнага турніру «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня» чакаюць тры насычаныя спаборніцкія дні, падчас якіх удзельнікі змогуць праявіць сябе ў мностве займальных конкурсаў. Мерапрыемства прымеркавана да Дня народнага адзінства.
Сёння, 11 верасня, адбылося ўрачыстае адкрыццё турніру. Каманды сабраліся на спартыўным стадыёне па вуліцы Захарава. Удзельнікаў прывітаў прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько, які пажадаў купалаўцам цікавай і займальнай барацьбы.
Як распавялі арганізатары, адметнасць гэтага турніру ў тым, што каманды зборныя, і за перамогу змагаюцца студэнты, маладыя спецыялісты і выкладчыкі. Усяго ўдзел бяруць 14 каманд, і сярод іх у гэтым годзе прадстаўнікі Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.
Першы турнірны дзень стаў спартовым. Удзельнікі згулялі ў мястэчкі, праявілі хуткасць і спрыт у эстафеце, трапнасць у футбольным конкурсе, сілу ў перацягванні каната. Нягледзячы на магутны спаборніцкі дух і жаданне перамагчы, на стадыёне панавала сяброўская атмасфера.
Заўтра ўдзельнікам трэба будзе папрацаваць галавой і пазмагацца ў інтэлектуальных спаборніцтвах.
Галоўная мэта турніру заключаецца ў стымуляванні ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, павагі да спадчыны гісторыі і культуры, падтрымання здаровага ладу жыцця, а таксама ў заахвочванні да развіцця інтэлектуальнай і творчай культуры.
Першы інтэлектуальна-спартыўны турнір пад назвай «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня» адбыўся ў 2022 годзе і стаў адной з важных падзей у гадавым плане мерапрыемстваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.