«Рэспубліканская дыктоўка «Дзень народнага адзінства» адбылася напярэдадні Дня народнага адзінства і аб'яднала купалаўцаў ва ўсіх навучальных карпусах. Студэнты, супрацоўнікі, выкладчыкі і рэктарат з вялікім задавальненнем далучыліся да падзеі. Усіх удзельнікаў прывітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што Дзень народнага адзінства асабліва важны для купалаўцаў, бо менавіта дзякуючы аб'яднанню заходняй і ўсходняй Беларусі і з'явіўся наш універсітэт.
Як расказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава, ва ўніверсітэце распрацаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства. Частка з іх ужо адбылася, і наперадзе яшчэ не менш цікавыя падзеі.
– На мінулым тыдні ва ўніверсітэце завяршыўся інтэлектуальна-спартыўны турнір «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня». На бягучым тыдні запланаваны флэшмоб, ваенна-патрыятычны злёт, турнір па зборцы спілс-карт, адбудзецца шэраг дыялогавых пляцовак. І мы з радасцю далучыліся да рэспубліканскай дыктоўкі. Бо надыходзячае свята адсылае нас да гістарычных каранёў і нагадвае, што сіла ў адзінстве, – расказала Аксана Котава.
Рэспубліканская дыктоўка ўнесена ў план Месяца першакурсніка і Тыдня патрыятычнага выхавання моладзі. Тэкст дыктоўкі прысвечаны аб'яднанню краіны і пытанням гістарычнай памяці. Важныя радкі ўдзельнікі напісалі на беларускай мове.