Абласны этап рэспубліканскага конкурсу "Прэс-код" прайшоў 18 верасня на пляцоўцы ТРК "Гродна". У ліку ўдзельнікаў і пераможцаў абласнога этапа - студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.
У адрас аргкамітэта фестывалю паступілі работы ў намінацыях: "Лепшыя аўтарскія матэрыялы" (рэпартаж, спецыяльны праект патрыятычнай тэматыкі), "Лепшы фотарэпартаж", "Лепшы відэаблог", "Лепшая аператарская работа", "Лепшы праект у новых медыя".
У намінацыі “Лепшы відэасюжэт пра памятныя мясціны Беларусі, вядомых людзей, знамянальную падзею” была прадстаўлена праца студэнтак 3 курса спецыяльнасці “Журналістыка” Анастасіі Крываль, Анжалікі Стэфановіч, Марыі Паўловіч “Разам ляцець да зор” – пра лёс і творчасць беларускага паэта Максіма. У гэтай жа намінацыі студэнт 2 курса, супрацоўнік тэлерадыёвяшчальнага канала "Гродна Плюс", Ягор Скепко прадставіў відэа, падрыхтаваныя для пляцоўкі TikTok: матэрыялы пра 100-гадовы юбілей Валянціны Баранавай, пра святкаванне 9 мая ў горадзе Гродна і іншыя. Блог Ягора «З КЕПКАй», які стаў ужо папулярным, быў прадстаўлены ў намінацыі «Відэаблог».
У намінацыі "Лепшы фотарэпартаж" студэнтка 1 курса Ганна Анішчык, супрацоўнік рэдакцыі рэгіянальнай газеты "Перспектыва", прадставіла свой фотачасопіс "Лічба". На старонках часопіса - не толькі беларусы, дзяўчына любіць здымаць прыроду, жывёл, расказваючы пра разнастайнасць і прыгажосць роднага краю. Студэнтка 2 курса Сафія Яновіч прадставіла свае фотарэпартажы аб Дні Перамогі і аб XIV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне.
У намінацыі "Лепшая аператарская работа" магістрант спецыяльнасці "Журналістыка (Медыяменеджмент)" Ігар Пташыц прадставіў дакументальны фільм "Армія Краёва: цана здрады", падрыхтаваны ў рамках міждысцыплінарнага праекта "Генацыд Беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі" пры падтрымцы Пракуратуры Гродзенскай вобласці.
У намінацыі "Лепшыя аўтарскія матэрыялы" студэнтка 1 курса спецыяльнасці "Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі" Дар'я Барыш прадставіла свой відэапраект "Памяць пакаленняў у імя будучыні".
У намінацыі "Лепшы праект у новых медыя" студэнтка 2 курса Марыя Паўловіч прадставіла мультымедыйны лонгрыд "У трэндзе" аб папулярных напрамках у жыцці грамадства, якія могуць зацікавіць сучасную моладзь і зрабіць яе вольны час карысным і займальным.
Па рашэнні журы былі адзначаны ўзнагародамі працы студэнтаў-купалаўцаў:
- у намінацыі "Лепшая аператарская работа" - дакументальны фільм "Армія Краёва: цана здрады" Ігара Пташыца;
- у намінацыі "Лепшы праект у новых медыя" - праект Марыі Паўловіч мультымедыйны лонгрыд "У трэндзе";
- у намінацыі “Лепшы фотарэпартаж” – праект Ганны Анішчык фотачасопіс “Лічба”;
- у намінацыі «Лепшы відэаблог» - блог Ягора Скепко «З КЕПКАй»;
- у намінацыі “Лепшы відэасюжэт пра памятныя мясціны Беларусі, вядомых людзей, знамянальную падзею” – праца “Разам ляцець да зор” Анастасіі Крываль, Анжалікі Стэфановіч, Марыі Паўловіч.
Работы пераможцаў будуць прадстаўлены на рэспубліканскім этапе конкурсу "Прэс-код".