Маладыя спецыялісты-педагогі – гэта свежы вецер у свеце адукацыі. Іх энергія, творчы падыход і імкненне да пошуку новых методык робяць навучанне займальным і эфектыўным. Яны не толькі валодаюць сучаснымі ведамі і навыкамі, але і гатовы да пастаяннага самаўдасканалення. Карэспандэнт «Лiдскай газеты»» пагутарыла з выпускнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і даведалася, як праходзіць іх адаптацыя на першым працоўным месцы.
Свежы погляд маладых спецыялістаў-педагогаў садзейнічае развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, дапамагаючы ім рыхтавацца да выклікаў сучаснага свету.
Вераніка Герасімовіч, педагог-псіхолаг ДУА «Сярэдняя школа N9 г. Ліды імя А. В. Нічыпорчыка»:
– Сваю спецыяльнасць – «практычны псіхолаг» – атрымала на факультэце псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Атрымаўшы размеркаванне ў Ліду, узрадавалася, бо гэты горад мне падабаецца, ён вельмі ўтульны і прыгожы. Пры прыёме на працу адміністрацыя школы сустрэла мяне пазітыўна. Мне расказалі пра ўстанову адукацыі, пра тонкасці працы педагога-псіхолага, правялі экскурсію па школе. Таксама была аказана дапамога ў атрыманні пакоя ў інтэрнаце.
Надзея Базылевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №9 г. Ліды імя А. В. Нічыпорчыка»:
– Тое, што буду настаўнікам, ведала яшчэ са школы. Ужо тады разумела важнасць працы ў сферы адукацыі. Сама я родам з невялікай вёскі Старая Казакоўшчына Воранаўскага раёна. Сёлета скончыла факультэт беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Размеркаванне хацела атрымаць у Гродне, але калі прыйшла мая чарга, аказалася, што ўсе месцы ў абласным цэнтры занятыя, таму з прапанаваных выбрала Ліду. У СШ №9 перш за ўсё пазнаёмілася з калегамі, якія ахвотна ўвялі ў курс справы, дапамаглі з падрыхтоўкай дакументацыі да новага навучальнага года. Так атрымалася, што мяне адразу прызначылі клясным кіраўніком.
Надзея падзялілася тым, што ёй не склала працы знайсці агульную мову з дзецьмі. Па словах дзяўчыны, аснова педагагічнай дзейнасці – паразуменне і адкрыты дыялог з дзецьмі.
Дзмітрый Маскальчук, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Гудскі дзіцячы сад – базавая школа»:
– Я вучыўся на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Спецыяльнасць – «гісторыя-археалогія». Яшчэ ў школе гісторыя і геаграфія былі маімі каханымі прадметамі. Да паступлення рыхтаваўся самастойна, без дапамогі рэпетытараў. На тэсціраванні набраў 270 балаў і паступіў на бюджэтную форму навучання. Размеркаванне атрымаў у Лідскі раён, аграгарадок Гуды. Сам я са Светлагорска. Тут, у Лідзе, мне адразу ж прапанавалі інтэрнат, але я вырашыў жыць на здымнай кватэры.
Малады чалавек расказаў, што і калегі, і навучэнцы прынялі яго вельмі добра.
– Прыемна здзівіў той факт, што дзеці выхаваны і дысцыплінаваныя. Прыкладу ўсе намаганні, каб стаць добрым педагогам, бо я люблю тое, што раблю, і з радасцю буду перадаваць свае веды дзецям, – падзяліўся Дзмітрый.
Выпускнікі Купалаўскага ўніверсітэта толькі пачынаюць свой прафесійны шлях. Важна падтрымліваць і натхняць гэтых маладых людзей, каб яны маглі рэалізоўваць свае ідэі і творчы патэнцыял у адукацыі, уносячы свой уклад у фармаванне будучага пакалення.