3 кастрычніка ў актавай зале Купалаўскага ўніверсітэта сабралася актыўная моладзь для таго, каб асвоіць валанцёрскае рамяство і зрабіць свет лепшым. Слухачамі Школы валанцёра сталі 150 чалавек.
З прывітальным словам да студэнтаў звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько. Васіль Васільевіч падкрэсліў важнасць валанцёрскага руху ў сучасным свеце і выказаў словы падзякі студэнтам, якія выбралі шлях дапамогі і падтрымкі блізкім.
Кожны з прысутных адчуваў важнасць моманту, бо валанцёрства - гэта не толькі магчымасць дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы, але і шанец развіцця сябе як асобы. Студэнты ўспрынялі інфармацыю з энтузіязмам, задаючы мноства пытанняў і праяўляючы цікавасць да далейшага ўдзелу ў дабрачынных акцыях.
Педагог сацыяльны 1 катэгорыі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы УІВР Валянціна Есіна ў рамках семінара расказала студэнтам аб валанцёрскім руху ў свеце і Беларусі. Спікер, дасведчаны валанцёр і педагог дзялілася сваімі ведамі і практычным вопытам з аўдыторыяй, дапамагаючы студэнтам зразумець, як стаць сапраўднымі памочнікамі і змяніць свет да лепшага.
Пасля завяршэння першага дня навучання моладзь была напоўнена энергіяй і рашучасцю пачаць свой шлях валанцёрства.
Наступныя семінары будуць прысвечаны пытанням кіравання валанцёрскай дзейнасцю, нарматыўна-прававых асноў валанцёрскай дзейнасці. Рабяты навучацца праводзіць акцыі, распрацоўваць праекты, афармляць буклеты, інфармацыйныя паведамленні і шматлікае іншае.