24 красавіка на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбыўся патрыятычны праект «Кветка Перамогі». У рамках гэтага мерапрыемства прайшоў майстар-клас па вырабе бутаньерак, у якім прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта.
Галоўным элементам бутан'ерак стала кветка яблыні, якая сімвалізуе поспех і працвітанне незалежнай і суверэннай Беларусі. Чырвона-зялёная стужка, якая выкарыстоўваецца ў афармленні, адлюстроўвае ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам.
Перад пачаткам майстар-класа Анастасія Саковіч, дацэнт, кандыдат біялагічных навук, расказала ўдзельнікам пра кветкі яблыні, яблыневыя сады і традыцыі беларускага народа, якія сёння знаходзяць сваё адлюстраванне ў бутаньерках. Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем стварылі ўнікальныя аксэсуары, якія сталі сімвалам памяці гераічным подзвігам ветэранаў, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне.
Гэты праект дазволіў купалаўцам аддаць даніну павагі і ўспомніць аб героях, чыя адвага прынесла мірнае неба над галавой.