Васіль Андрэевіч Вавілаў нарадзіўся 13 студзеня 1905 года ў сяле Ціінск Стаўрапольскага павета Самарскай губерніі. З 1932 па 1936 гады вучыўся ў Казанскім педагагічным інстытуце. У 1940 годзе Васіль Вавілаў быў накіраваны ў Гродна настаўнікам у сярэднюю школу № 1.
У час Вялікай Айчыннай вайны са студзеня 1942 па 1945 год Васіль Андрэевіч Вавілаў прымаў удзел у баях з ворагам на пасадзе начальніка радыёстанцыі ў складзе Заходняга, 1-га і 2-га Беларускіх франтоў.
Узнагароджаны чатырма баявымі медалямі: «За баявыя заслугі» (1943), «За адвагу» (1944), «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», а таксама ордэнам Айчыннай вайны I -й ступені (1985) і юбілейнымі медалямі.
З 1947 года Васіль Вавілаў - выкладчык кафедры рускай і беларускай моў Гродзенскага педагагічнага інстытута, дацэнт.
З узнагародных лістоў:
«Узнагародзіць медалём «За баявыя заслугі» радыста роты сувязі 601-га стралковага палка сяржанта Вавілава Васіля Андрэевіча за тое, што ў баях з 4 па 7 сакавіка 1943 года стала падтрымліваў радыёсувязь. Уваходзячы ў групу атакі ў фланг суперніку, здолеў хутка разгарнуць рацыю і падтрымліваць сувязь з каманднымі пунктамі палка і дывізіі.
9 сакавіка 1943 года».
«Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР узнагародзіць медалём «За адвагу» за тое, што ён у баі пад вёскай Віша з 19 па 23 студзеня 1944 г., нягледзячы на абстрэл праціўніка, пагарджаючы небяспекай, цалкам забяспечыў свой участак радыёсувяззю, чым дапамог камандзіру кіраваць боем. Падчас выканання баявога задання быў паранены.
27 студзеня 1944 года».
З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.