Гайфула Хайрулавіч Гізатулін нарадзіўся 12 снежня 1917 года ў вёсцы Кувам Мензелінскага павета Уфімскай губерніі.
З верасня 1938 па кастрычнік 1960 года Гайфула Гізатулін знаходзіўся ў радах Чырвонай (Савецкай) Арміі ў званні маёра. З чэрвеня 1941 па май 1945 года - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: курсант, затым камандзір аўтаўзвода. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені (1985), Чырвонай Зоркі (1954), медалямі «За баявыя заслугі» (1944, 1949), «За ўзяцце Кенігсберга» (1945), «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941- 1945 гг.» (1945), «За бездакорную службу» (1959), «30 гадоў Савецкай Арміі і Флота» (1948), «40 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1958).
Гайфула Хайрулавіч Гізатулін працаваў у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы загадчыкам майстэрняў з 1960 па 1982 год.
З узнагароднага ліста:
«Малады афіцэр. Працавіты і дысцыплінаваны. Выдатна ведае сваю спецыяльнасць. Працуючы камандзірам вучэбнага ўзвода Гайфула Хайрулавіч Гізатулін сваёй сумленнай працай падрыхтаваў 150 шафёраў для баявых частак з ацэнкамі "добра" і "выдатна", якія паспяхова выконваюць баявыя задачы на фронце. Строгі і патрабавальны, яго ўзвод - выдатнік страявой падрыхтоўкі. Байцы ўзвода з'яўляюцца ўзорам знешняга выгляду і высокай дысцыпліны. Гайфула Гізатулін карпатліва, не лічачыся з часам, рыхтуе асабісты склад узвода, які з'яўляецца лепшым у палку».
З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.