Яўген Мікалаевіч Далідовіч нарадзіўся 20 мая 1931 года ў вёсцы Карнічэе Грэскага раёна Мінскай вобласці.
З мая 1943 па чэрвень 1945 года Яўген Далідовіч быў партызанскім сувязным-разведчыкам атрада імя Н. А. Шчорса 3-ці Мінскай партызанскай брыгады імя С. М. Будзёнага. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За бездакорную службу» 1-й, 2-й, 3-й ступеняў.
З 1988 па 2003 год Яўген Мікалаевіч Далідовіч працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, быў загадчыкам вучэбнай лабараторыі тэхніка-крыміналістычных сродкаў, намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
З успамінаў:
«Маё дзяцінства было партызанскім. Усю вайну разам з сям'ёй мы знаходзіліся ў зоне дзеяння партызанскага руху Пухавіцкага, Грэскага, Слуцкага, Старадарожскага і Капыльскага раёнаў. Мой бацька ведаў кавальскую справу. У пачатку 1942 г. партызаны атрымалі заданне арганізаваць зброевую майстэрню. Узяцца за гэтак няпростую справу і было даручана Мікалаю Далідовічу, майму бацьку. Месцам размяшчэння майстэрні была абраная ўскраіна вёскі Блашчытнікі-1 Селецкага сельсавета, цяпер Пухавіцкага раёна. На ўскрайку лесу, пад старой разгалінавай ліпай, у склепе і павінны былі разгарнуць працу. Употай ад акупацыйных уладаў пад покрывам ночы мы з бацькам і старэйшым братам Георгіем вывозілі на конных павозках з Пухавіцкай і Пакрышаўскай МТС кавальска-слясарны інструмент.
Неўзабаве паступіла першая зброя, якая патрабавала грунтоўнага рамонту, паколькі яго часцей за ўсё даставалі з вадаёмаў. Працавалі і днём і ноччу.
Пасля я даведаўся пра спосабы вырабу мін і іншых выбуховых прылад для рэйкавай вайны, якія таксама рабіліся ў замаскіраванай зброевай майстэрні. Дапамагаў бацьку падкоўваць коней.
Запомнілася, як у канцы лета 1943 года бацька асабліва напружана працаваў, літаральна падаў з ног ад стомы. Паступіла заданне закаваць для партызан, напэўна, больш за сотню самаробных сёдлаў. У майстэрні быў усталяваны гарачы горн, куды бесперапынна патрабавалася падаваць драўняны вугаль, які вырабляецца з калодачак цвёрдай пароды дрэў у спецыяльна выкапанай варонцы. Абавязак падтрымліваць горн гарачым, а таксама цягаць калодачкі была ўскладзена на мяне. Памятаю, як я, не рызыкуючы адцягвацца, дзьмуў кавальскі мех для падтрымкі горна. Як потым даведаўся, сёдлы акоўваюць для 12-й кавалерыйскай брыгады імя Сталіна, якой камандаваў Герой Савецкага Саюза Уладзімір Ціхаміраў.
З мая 1943 года і да выгнання нямецкіх акупантаў з нашай зямлі я быў сувязным штаба партызанскага атрада імя Шчорса, 3-ці Мінскай брыгады імя С. М. Будзённага. Дастаўляў падраздзяленням партызан, якія знаходзіліся на выкананні баявых аперацый, прадукты харчавання, ваду, выконваў і іншыя даручэнні камандавання. Адвозіў параненых і хворых на тыф партызан у шпіталь у вёску Зарэчча, перапраўлены іх на пароме праз раку Пціч.
... У ліпені 1944 года бацька з партызанскага атрада быў прызваны на фронт, дзе на тэрыторыі Польшчы загінуў у баі. Гэта была самая страшная вестка, якую прыйшлося перажыць мне за ўсё жыццё».
З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.