Любоў Дзянісаўна Клімава нарадзілася ў 1920 годзе ў Рагачове Гомельскай губерніі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Працавала кіраўніком педпрактыкі нашай ВНУ.
З успамінаў:
«Нарадзілася ў Гомельскай вобласці ў г. Рагачоў. Бацька і маці былі настаўнікамі, паважанымі людзьмі. Пасля заканчэння школы паступіла ў Ленінградскі педагагічны інстытут імя А. І. Герцэна, але да моманту здачы экзаменаў пачалася вайна. У карпусах інстытута размясціўся ваенны шпіталь. Так як медыцынскай адукацыі ў Клімавай не было, яе ўзялі санітаркай у эвакашпіталь, з верасня 1941 па 9 май 1945 года ўваходзіць у склад дзеючай арміі.
Палата ёй дасталася вялікая: 13 чалавек і ўсе ляжачыя. У каго ампутаваныя ногі, у каго - рукі. Дзяжурыць даводзілася суткамі, тапіць печ у палаце, самой шукаць дровы. Са слязамі на вачах успамінае, як ёй даводзілася карміць параненых салдат з пашкоджанай сківіцай:
- Яны стагналі пры кожным глотцы ад болю, і я адчувала сябе бяссільнай ім дапамагчы.
Было і такое: параненыя прасілі яе зайсці да іх родных. Хіба адмовіш у такой просьбе! Даводзілася ісці. У адным з такіх паходаў страціла прадуктовую картку і засталася без хлеба. Але хворыя вельмі прывязаліся да яе і дзяліліся ежай:
На ўсё жыццё запомніла адзін з такіх паходаў. Калі патрэбная мне кватэра апынулася пустой, я вырашыла зайсці ў суседнюю. А там ... Сядзела ўжо мёртвая жанчына, а ў руках у яе нешта варушылася. Гэта было немаўля. Я да гэтага часу не ведаю ні імя памерлай, ні лёсу немаўля.
Памятаецца ёй і хлопец, у якога былі ампутаваныя абедзве нагі і рука, і малады майстар па канькабежным спорце, які пазбавіўся ногі.
Пасля прарыву блакады шпіталь эвакуіравалі з Ленінграда. Калі пакідалі горад, у памяці засталося: тут чалавек, там чалавек, людзі ішлі і падалі, а падняцца ўжо не было сіл, так і замярзалі на снезе:
- Вось такім мне запомніўся Ленінград. Пераправу ажыццяўлялі праз Ладажскае возера пад агнём немцаў. Дзве машыны сышлі пад лёд, наша паспела прайсці.
У Ціхвін, куды яны прыбылі, захварэла і доўга ляжала ў шпіталі.
Пасля выздараўлення атрымала пасаду настаўніка ў школе, затым завуча, а яшчэ пазней - дырэктара. Неўзабаве прыехала ў Беларусь у Рагачоў, дзе працавала школьным інспектарам. Выйшла замуж за афіцэра і падзяліла з ім нялёгкі лёс ваеннага ... »
З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.