Маштабнае мерапрыемства праходзіць з 15 па 18 верасня ў горадзе Мінску.
Рэспубліканскі конкурс арганізаваны па стандартах міжнароднага руху WorldSkills International і аб'ядноўвае спаборніцтвы сярод маладых рабочых, спецыялістаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі па прафесійных кампетэнцыях ў сферы вытворчых, інфармацыйных, будаўнічых, транспартных тэхналогій, сацыяльных і персанальных паслуг, моды і дызайну.
15 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus 2020», у якім прыняў удзел прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко і студэнты, навучэнцы нашага ўніверсітэта.
Да ўдзелу ў спаборніцтвах запрошаны каманды з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама каманды з Расіі, Польшчы, Казахстана - усяго каля 350 чалавек. Студэнты і навучэнцы каледжаў, якія ўваходзяць у структуру ГрДУ імя Янкі Купалы, удзельнічаюць у конкурсе ў складзе каманды Гродзенскай вобласці. Гэта студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Сяргей Самойла, студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта Дар'я Крыштаповіч і Яўген Марцуль, студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Яўген Купрыяновіч, студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта Максім Руслановіч, студэнтка педагагічнага факультэта Аляксандра Прусакова. А таксама навучэнцы Ваўкавыскага каледжа Максім Ступакевіч, Яўген Купрыяновіч, Ганна Лаўрова і навучэнка Гуманітарнага каледжа Анастасія Малеевская. Купалаўцы прэтэндуюць на прызавыя месцы ў наступных конкурсных кампетэнцыі: «Праграмныя рашэнні для бізнесу», «Геадэзія», «Кузаўны рамонт», «Электроніка», «Графічны дызайн», «Дашкольная адукацыя» і «Пачатковая адукацыя».
Спаборніцтвы IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus 2020» праходзяць на базе гандлёва-выставачнага цэнтра на тэрыторыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».