Распрацаваныя на фізіка-тэхнічным факультэце інавацыйныя алкометры прадстаўлены на міжнароднай выставе "Ахова здароўя 2021" у Маскве.
Распрацоўкі вучоных ГрДУ дэманстраваліся ў рамках калектыўнай экспазіцыі Міністэрства адукацыі. Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў загадчык лабараторыі электрафізічных вымярэнняў Артур Ліцкевіч, які паказаў гасцям выставы прататыпы алкаметраў на аснове электрахімічнага сэнсара.
Прыборы стварылі ў рамках праекта, які атрымаў у 2020 годзе фінансаванне за кошт сродкаў фонду інавацыйнага развіцця Купалаўскага ўніверсітэта. Над стварэннем алкаметра працавала каманда вучоных: загадчык лабараторыі электрафізічных вымярэнняў Артур Ліцкевіч; загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман; а таксама выпускнікі фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксандр Ліцкевіч, Аляксей Мікіта і Вітольд Заман.
Загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман расказаў, што праект накіраваны на стварэнне новых сродкаў для кантролю і агляду людзей на наяўнасць алкаголю ў іх арганізме. Распрацаваныя прыборы валодаюць высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі і не маюць аналагаў сярод алкаметраў, якія вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь.
Адна з пераваг распрацоўкі - цесная інтэграцыя з электроннымі прыладамі: смартфонамі, планшэта і кампутарамі. Гэта дазваляе аўтаматызаваць працэс кантролю і нават зрабіць яго дыстанцыйным. Пры гэтым прыбор ці яго модулі могуць быць інтэграваныя ў больш складаныя аўтаматызаваныя сістэмы кантролю, а таксама ў транспартныя сродкі.
Дарэчы
"Ахова здароўя" – самая буйная і вядомая ў Расіі выстава медыцынскага абсталявання, расходных матэрыялаў і тавараў медыцынскага прызначэння. Яна мае багатую гісторыю: ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі з 1974 года і да гэтага часу выстава з'яўляецца галоўнай пляцоўкай для дэманстрацыі новых распрацовак.