На пасаду прарэктара па навуковай рабоце назначана Наталля Башун, якая ўзначальвала факультэт біялогіі і экалогіі на працягу апошніх двух гадоў.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка прадставіла новага прарэктара калектыву ўніверсітэта і адзначыла, што Наталля Башун не толькі добры кіраўнік, але і выдатны вучоны. Гэта, несумненна, спатрэбіцца ёй у працы на новай пасадзе.
– У Наталлі Зігмунтаўны вельмі моцны характар, яна здолела згуртаваць вакол сябе калектыў факультэта біялогіі і экалогіі і паказала сябе выдатным кіраўніком. І я выказваю ёй вялікую падзяку за тое, што яна прыняла маю прапанову стаць прарэктарам па навуковай працы, – адзначыла Ірына Кітурка.
Наталля Башун шчыра падзякавала Ірыне Фёдараўне за аказаны ёй давер і падкрэсліла, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб навука развівалася і была на высокім узроўні ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
– Я дакладна разумею, што поспех кіраўніка залежыць ад калектыва, а ён у Купалаўскім універсітэце надзвычайны. Мне вельмі павезла! У кожнай пасадзе, на якой працавала, мяне атачалі выдатныя людзі, прафесіяналы сваёй справы. Сучасны свет патрабуе «жывых», канкурэнтаздольных распрацовак. Я ўпэўнена, што разам мы дасягнем поспеху, – падкрэсліла Наталля Башун.
Свой шлях ва ўніверсітэце Наталля Зігмунтаўна пачала ў 1993 годзе ў якасці студэнткі, затым скончыла аспірантуру і заняла пасаду малодшага навуковага супрацоўніка навукова-даследчай лабараторыі «Нейрахімія». На сваім прафесійным шляху Наталля Башун займала розныя пасады, што дазволіла ёй падрабязна вывучыць структуру ўніверсітэта. Наталля Башун мае вялікі педагагічны вопыт – яна прайшла шлях ад выкладчыка-стажора да загадчыка кафедры. За апошнія два гады яна выдатна сябе выявіла як дэкан факультэта біялогіі і экалогіі.