Прадстаўнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ ім. Янкі Купалы правялі даследчую працу ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў.
Загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Амелька і загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук наведалі Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Мэта паездкі - збор матэрыялу для выканання заданняў у рамках міждысцыплінарнага праекта "Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі", які рэалізуецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па ініцыятыве і пры падтрымцы пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Была праведзена работа з архіўнымі матэрыяламі па некалькіх тэматычных напрамках: уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, акупацыя Гродзеншчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны і барацьба з фашысцкім рэжымам. Сабраны матэрыял будзе выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі дакументальнага фільма аб генацыдзе беларускага народа і выставы, прысвечанай вызваленню Гродзеншчыны і тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Ганчар запрасіў купалаўцаў на экскурсію па ўстанове, пазнаёміў з дзейнасцю аддзелаў. Андрэй Мікалаевіч правёў прэзентацыю інтэрнет-рэсурсаў архіва, пазнаёміў з сайтам, YouTube-каналам, віртуальнай выставай, прадстаўленай у лічбавым фармаце. У ходзе рабочай сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў навуковым, адукацыйным, выхаваўчым напрамках, узаемадзеяння па пытаннях размеркавання студэнтаў спецыяльнасці "Гісторыя".
Як адзначыў Сяргей Амелька, рэсурсы дзяржаўнага архіва будуць цікавыя студэнтам Купалаўскага ўніверсітэта не толькі пры падрыхтоўцы да навучальных заняткаў, але і ў працэсе напісання курсавых, дыпломных работ, магістарскіх дысертацый, а таксама ў працэсе работы над міждысцыплінарным праектам «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гарадзенскай зямлі».