20 чэрвеня ў Брэсце прайшоў патрыятычны форум «Цытадэль памяці», які сабраў больш за 140 студэнтаў з Беларусі і Расіі. Сярод удзельнікаў студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Такі форум у маладзёжнай сталіцы 2024 года арганізуюць упершыню. У рамках мерапрыемства ўдзельнікі прапанавалі архітэктурныя праекты, тэматычныя відэаролікі і эсэ. Купалаўцы годна паказалі сябе, увайшоўшы ў лік прызёраў мерапрыемства. Іх работы былі высока ацэнены арганізатарамі і экспертным журы форуму.
У намінацыі відэаконкурсу «Жывы летапіс вайны» III месца заняла студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта Ксенія Качан. Дзяўчына прэзентавала відэаролік, прысвечаны памяці А.І. Соламавай. У намінацыі «Подзвіг Герояў Пераможцаў» ІІІ месца заняла студэнтка філалагічнага факультэта Ангеліна Янкелайць з праектам «Героі гродзенскай зямлі». Пакарыць намінацыю «Архітэктурны праект» змагла навучэнка Гуманітарнага каледжа Ганна Ясюкайцітэ з архітэктурным праектам «Мінулае ў будучым. Ружанскі замак», дзяўчына заняла I месца. Уладальніцай III месца стала Вераніка Сасімовіч, навучэнка Гуманітарнага каледжа, якая прадставіла журы архітэктурны праект «Холмская брама».
Для студэнтаў і навучэнцаў акрамя абароны праектаў падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльную праграму. Яны прынялі ўдзел у экскурсіі-квэсце ў Брэсцкай крэпасці, ваенна-патрыятычным вечары паэзіі і бардаўскай песні, наведалі перасоўны музей «Цягнік Перамогі».
Маладыя людзі ноччу 22 чэрвеня далучыліся да мітынгу-рэквіему, а досвіткам сталі гледачамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі абароны легендарнай цытадэлі над Бугам.