Больш за 80 удзельнікаў з шасці краін сабраў XXXVII з'езд Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ў Мінску. Мерапрыемства праходзіла з 26 да 29 верасня.
Удзел у форуме прынялі прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, Міністэрства адукацыі, кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і маладзёжны прафактыў.
ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый – Ганна Сазонава і Марта Калеснік.
Праграма з'езда была шырокая. Тэматыка самая разнастайная – пытанні тычыліся сацыяльнай падтрымкі моладзі, абмяркоўваліся нарматворчыя аспекты працы прафсаюзаў розных краін, асаблівасці падтрымкі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі. Акрамя пленарных паседжанняў, дзелавых сустрэч і знаёмстваў з працай універсітэтаў, для прафсаюзных лідэраў была прадугледжана і культурная праграма.
Вынікам з'езда стала прыняцце новых чальцоў ЕАПОУ. Цяпер арганізацыя аб'ядноўвае 79 універсітэтаў з 15 краін. Удзельнікі абмеркавалі стварэнне альманаха ЕАПОУ і ўзнялі пытанні развіцця прафсаюзнага руху.