XII Міжнародны адкрыты камандны чэмпіянат па праграмаванні ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 29 красавіка 2016 года сабраў 24 каманды ўдзельнікаў з ВНУ і школ Беларусі, універсітэтаў Расіі і Літвы.
Каманды Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута і Федэральнага дзяржаўнай аўтаномнай адукацыйнай установы вышэйшай прафесійнай адукацыі «Нацыянальны даследчы тэхналагічны ўніверсітэт «МІСіС»(Расія) прыязджаюць да нас ужо ў пяты раз, каманды з Літвы, якія прадстаўляюць Віленскі ўніверсітэт, - у трэці. Пастаяннымі ўдзельнікамі спаборніцтваў з'яўляюцца школьнікі з г. Мазыр. Упершыню ў гэтым годзе ў турніры вырашылі прыняць удзел студэнты з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, школьнікі з г. Масты, г. Краснасельск, а таксама зборная каманда навучэнцаў Гродзенскай вобласці.
Удзельнікам было прапанавана 12 заданняў, на рашэнне якіх давалася 5 гадзін. Арганізатары турніру адзначылі, што некаторыя з удзельнікаў прапанавалі нестандартныя рашэнні матэматычных задач, чым значна павысілі шанцы сваіх каманд на перамогу. Дарэчы, аўтарам заданняў з'яўляецца старшы выкладчык кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм факультэта эканомікі і кіравання Юрый Генрыхавіч Сцёпін.
Вынікі чэмпіянату стануць вядомыя ў хуткім часе. Будуць вызначаныя пераможцы і названыя ўладальнікі другіх і трэціх месцаў. Акрамя таго, партнёр спаборніцтваў - кампанія Itibo - заснавала спецыяльны прыз для школьнікаў, якія пакажуць годныя вынікі ў турніры: пры паступленні ў купалаўскі ўніверсітэт яны атрымаюць імянны сертыфікат на дадатковую стыпендыю на працягу першага года навучання.