6 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы сертыфікаты атрымалі абітурыенты, якія набралі найбольшую колькасць балаў.
На ўрачыстую цырымонію ў купалаўскі ўніверсітэт запрасілі тых, хто набраў 95 балаў і вышэй, а таксама паказаў лепшы вынік па прадмеце ў Гродзенскай вобласці.
З прывітальным словам да выпускнікоў школ і гімназій з Гродна і Гродзенскай вобласці, іх бацькаў і педагогаў звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Эдуардавіч Бялых. Павіншаваўшы абітурыентаў з паспяховай здачай цэнтралізаванага тэсціравання і пажадаўшы поспехаў падчас уступнай кампаніі, Юрый Эдуардавіч выказаў надзею на тое, што большасць з прысутных у зале стануць студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Уладзіміраўна Курганская, звяртаючыся да шчаслівых уладальнікаў высокіх балаў па ЦТ, падкрэсліла, што за вынікам стаіць тытанічная праца, мэтанакіраванасць і жаданне атрымаць высокі ўзровень адукацыі.
Сярод тых, хто павіншаваў абітурыентаў, былі дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі і начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Аксана Уладзіміраўна Валюк. Пасля словаў з пажаданнямі адбылося ўручэнне сертыфікатаў. Выпускніца гімназіі № 2 горада Гродна Дар'я Друцько атрымала адразу тры сертыфікаты. У дзяўчыны 100 балаў па фізіцы, 96 - па рускай мове і 83 - па матэматыцы. Карына Мілінкевіч, якая скончыла гімназію № 2 горада Гродна, таксама стала ўладальніцай трох сертыфікатаў. Дзяўчына здавала цэнтралізаванае тэсціраванне па грамадазнаўстве, англійскай і беларускай мовах. Вынік па кожным з прадметаў вышэй за дзевяноста балаў. Сто балаў адразу па двух прадметах, матэматыцы і рускай мове, набрала Лізавета Новік з СШ № 5 горада Масты.
Як распавяла начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Аксана Уладзіміраўна Валюк, у гэтым годзе максімальна магчымую колькасць балаў у Гродзенскай вобласці набралі дваццаць чатыры абітурыента. Шэсць абітурыентаў - па беларускай, 5 - рускай мове. Вышэйшы бал па грамадазнаўстве ў 4 абітурыентаў, у столькіх жа - па біялогіі. Стобальнікаў па фізіцы ў гэтым годзе - 2, матэматыцы - 1, гісторыі Беларусі - 1, замежных мовах -1.