Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы запрашае абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю на платнай аснове. Дакументы ў сценах ВНУ прымаюць да 1 жніўня ўключна.
Па стане на 19 ліпеня (14.00) у купалаўскі ўніверсітэт пададзена 2609 заяў, сярод іх 781 ад абітурыентаў, якія прынялі рашэнне атрымліваць адукацыю на платнай аснове.
Найбольш папулярнымі спецыяльнасцямі дзённай формы навучання сярод гэтых абітурыентаў з'яўляюцца «Мытная справа» (конкурс складае 4,2 чалавека на месца), «Рамана-германская філалогія (нямецкая)» (1,38), «Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)» (1, 33), «Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)» (1,31) і «Інфармацыя і камунікацыя» (1,3).
На завочнай форме атрымання адукацыі актыўна вядзецца прыём дакументаў на спецыяльнасці (групы спецыяльнасцяў) «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «Псіхалогія. Практычная псіхалогія», «Дашкольная адукацыя. Лагапедыя. Олигофренопедагогика. Сацыяльная работа (сацыяльна-псіхалагічная дзейнасць)», «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (аўтатранспарт агульнага і асабістага карыстання)» і «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».