Маладзёжны бізнес-інкубатар будзе створаны ў навукова-тэхналагічным парку (НТП) пры купалаўскім універсітэце і стане адной са структур падтрымкі прадпрымальніцтва.
– Гэта будзе па сутнасці стартап-цэнтр, які плануецца адкрыць на працягу месяца пасля ўводу ў эксплуатацыю парку. У ім акажуць падтрымку цікавым праектам маладых навукоўцаў, праектам-пераможцам і лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу навуковых работ, - адзначыў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль.
У дарожнай карце па стварэнні НТП намечана адкрыццё навукова-практычнага цэнтра развіццёвай педагогікі і псіхалогіі як элемента бізнес-інкубатара. Будуць таксама створаны інавацыйнае біятэхналагічнае падраздзяленне сумесна з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам і лабараторыя біямедыцынскіх палімерных матэрыялаў і вырабаў з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.
Рэалізоўваць праект універсітэт будзе сумесна з Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі рэгіёну.
Стварэнне НТП арганізавана ў два этапы. Спачатку ва ўніверсітэце створаць адасобленае структурнае інавацыйнае падраздзяленне - Цэнтр трансферу тэхналогій ГрДУ імя Янкі Купалы, які дазволіць нашай alma mater атрымаць статус суб'екта інавацыйнай інфраструктуры. Другім этапам стане будаўніцтва непасрэдна навукова-тэхналагічнага парку на аснове Цэнтра трансферу тэхналогій і існуючага інавацыйнага прадпрыемства РУП «Тэхналаб», якое вырабляе і прадае інавацыйную прадукцыю.
– Тэхнапарк стане важным аб'ектам інавацыйнай інфраструктуры ў Гродзенскай вобласці. Яго задачамі з'яўляюцца садзейнічанне ў стварэнні вытворчасцей з новымі тэхналогіямі або высокатэхналагічных вытворчасцей, якія выпускаюць гатовую прадукцыю. Таксама НТП будзе аказваць садзейнічанне ў прасоўванні на экспарт прадукцыі, вырабленай з выкарыстаннем новых і высокіх тэхналогій. У ім будуць развіваць напрамкі малекулярнай фізікі, машынабудавання, біятэхналогій і многія іншыя, - растлумачыў Андрэй Дзмітрыевіч.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на працягу некалькіх гадоў выконвае заданне па экспарту паслуг з навукаёмістымі імпартазамяшчальнымі тэхналогіямі. Кліентамі нашага ўніверсітэта з'яўляюцца ўстановы прыгранічных раёнаў Польшчы, Літвы, прадпрыемствы ў краінах СНД. Каля 60% даследаванняў носяць прыкладны характар.
Па матэрыялах інфармацыйнага агенцтва БелТА